У МУЗЕЙ НА ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ…

Официально

Як проста і як складана наладзіць Дзень нараджэння так, каб ён атрымаўся незвычайным, яркім, прыемным для імянінніка і яго гасцей і запомніўся ўсім.

Дрэсс-код: святочнае ўбранне… Пры сабе мець добры настрой. Як гаварылі ў даўніну: “Клопаты, праблемы, дрэнны настрой з галошамі пакіньце ў гардэробе!”

Нядаўна ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры распрацавана новая культурна-адукацыйная праграма “Свята ў гонар вашага Дня нараджэння”. Адбылася і прэзентацыя  свята для імянінніцы  Марыны, студэнткі Мінскага дзяржаўнага  музычнага каледжа імя Глінкі.

Дзень нараджэння ў музеі – гэта своеасаблівая святочная казка. Імянінніка акружаюць старадаўнія  музейныя экспанаты, гучыць чароўная мелодыя флейты.

Кожная праграма індывідуальная. У ходзе падрыхтоўчай работы арганізатар праграмы (Пані Галіна) стараецца больш даведацца пра імянінніка, імёнах роду, а для арганізацыі фотавыставы просіць прынесці ў музей фатаграфіі сям’і, продкаў. Ідэя свята – даць магчымасць аб’яднаць розныя пакаленні, ўбачыць сябе ў новым ракурсе. Многае залежыць ад імянінніка, ад настрою яго гасцей і іх захапленняў.

Уявіўшы сябе прадаўжальнікам рамесніцкага роду, імяніннік з Паняй Галінай правядзе гасцей па рамесніцкіх майстэрнях. Імянінніка чакае раскрыццё тайны яго імя, сакрэтаў беларускай традыцыйнай культуры.

Свята пабудавана ў выглядзе своеасаблівай гульні. Апынуўшыся ў царстве керамікі і рэчаў з бабулінага куфра, імяніннік і яго госці пачынаюць знаёміцца з рэчамі народнага побыту. Адгадваць загадкі ці адказваць на пытанні будзе лёгка, бо адгадку будуць трымаць у руках.

Праграма “Дзень нараджэння” дае магчымасць пазнаёміцца з традыцыйнай беларускай культурай: рамесніцкімі традыцыямі, посудам, адзеннем і кухняй.

Бабуля імянінніцы Марыны прадэманстравала гасцям, як ранней пралі ніткі, навучыла ткаць на кроснах. І ў яе атрымалася. Зычанні  Марыне запісалі на гліняным гаршку, які на вачах гасцей стварыў ганчар.

Сапраўды, можна прыдумаць і разыграць сцэнарый дома, можна пайсці кампаніяй у рэстаран, а можна запрасіць гасцей… у музей, дзе персанальна для кожнага віноўніка ўрачыстасці і яго сяброў будзе падрыхтаваны цёплы прыём.

Вы яшчэ не ўяўляеце вобраз свята, так? Будзьце цярплівымі. Музей ажыве, напоўніцца вяселлем, гульнямі. А што вочы не ўбачаць, дамалюе фантазія… Такі Дзень нараджэння – камернае свята для тых, хто хоча разарваць прывычную штодзённасць падзеяй. Арганізатары пастараюцца, каб імяніннік, які прыйшоў святкаваць Дзень нараджэння, змог сказаць, што гэта быў адзін з лепшых дзён у яго жыцці.

Галіна Сабалеўская,

г. п. Івянец .

 



Добавить комментарий