Агляд падзей

Культура

ПЕРАДАВІКІ

Па стане на 15 мая лідзіруюць у сацыялістычным спаборніцтве звенавых механізаваных звёнаў на пасадцы бульбы:

Блізняк У. С. з сельгасарцелі імя М. Горкага. Пры плане 96 пасадзіў 105 гектараў.

Мучынскі Г. П. з калгаса “Радзіма”. Пасадзіў 180 гектараў. Пасадку правёў у лепшыя агратэхнічныя тэрміны.

Камель І. М. з калгаса “Верны шлях”. Адным з першых пасадзіў 95 гектараў.

Сухадолец У. М. і Шакун І. А. з сельгасарцелі “1 Мая” пасадзілі па 90 гектараў пры добрай якасці работ.

Кунцэвіч І. М. з саўгаса імя Маякоўскага у лепшыя агратэхнічныя тэрміны пасадзіў 97 гектараў.

Бараноўскі І. М. з сельгасарцелі імя Леніна пасадзіў 40 гектараў цукровых буракоў і 80 гектараў бульбы.

ВЕСТУНЫ НАВІН

Не кожны ведае, што жыхароў горада Валожына абслугоўвае 10 паштальёнаў, а ўсяго іх у раёне 173. У гэтым годзе падпісчыкі раёна атрымліваюць 58775 экземпляраў газет і часопісаў.

Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі, карыстаюцца аўтарытэтам ў калектыве паштальёны Н. М. Вялічка, Т. С. Гаркун і З. М. Гарнастай з Валожына. За добрасумленную працу ім уручаны грашовыя прэміі.

КУЛЬТУРА НЕ НА ВЫШЫНІ

Рэйд па гандлёвых кропках і прадпрыемствах грамадскага харчавання адбыўся ў райцэнтры.

Не ў ладах з чысцінёй

У магазіне “Кулінарыя” посуд і сталы мыюцца ад выпадку да выпадку. Бруд і на вагах. Малюнак дапаўняе павуцінне на столі і  спляснелы мясны рулет, які распаўсюджвае непрыемны пах. Прадаўшчыца працуе без касынкі ці каўпака, што супярэчыць правілам работы з кулінарнымі вырабамі і паўфабрыкатамі.

Парасяты-невідзімкі

Аб тым, што ў магазіне сельгаспрадуктаў ёсць мясны аддзел, можна даведацца па паху сапсаванага мяса.

Не ўсё, што дастаўляюць у магазін, трапляе на прылавак. З дакументаў было відаць, што ў магазін паступіла 120 кг парасяціны. Але пакупнікі яе ў вочы не бачылі. Загадчыца аддзела тлумачыць, што ўсе 120 кг прадала аднаму пакупніку. Ці не пахне гэта махлярствам? Бо як выявілася, у папярэдні і той дзень, калі выпісана накладная (дарэчы, безнумарная), ніякіх парасят з бойні не паступала.

Недавага, недаліў..

Буфетчыца з чайной на кожныя 200 грамаў соку ці віна не далівае па 20 грамаў. Кантралёры сапсавалі ёй настрой, склаўшы акт. У буфетах і магазінах вагі даўно не правяраліся, маюць адхіленні ад нормы. Калі да гэтага дадаць нядбайныя адносіны да пакупнікоў, антысанітарыю, то становіцца зразумела, чаму не вельмі ахвотна жыхары горада наведваюць прадпрыемствы грамадскага харчавання.

СПРАВЫ ПІЯНЕРСКІЯ

Піянерская дружына Узбалацкай васьмігодкі носіць імя абаронцы Брэсцкай крэпасці Героя Савецкага Саюза Кіжаватава. Тут працуюць два атрады чырвоных следапытаў. Было ўстаноўлена 40 прозвішчаў землякоў, якія загінулі за свабоду і незалежнасць Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У Высокаўскай васьмігадовай школе рэгулярна праводзяцца гутаркі на міжнародныя тэмы. Нядаўна такое мерапрыемства прысвячалася гераічнаму народу В’етнама. Піянеры напісалі лозунгі: “Мы з табой, гераічны В’етнам!”, “Няхай неба над В’етнамам будзе мірным!” Рабяты выказалі сваю салідарнасць са змагарамі супраць амерыканскіх імперыялістаў.

Каля 4 тысяч піянераў з розных школ раёна прынялі ўдзел ва ўсесаюзнай анкеце “Чаму нам патрэбен мір?”

На базе Сакаўшчынскай СШ вырашана арганізаваць піянерскі лагер “Арляня”. За час летніх канікул тут адпачне 240 дзяцей. На Сакаўшчынскім вадасховішчы арганізоўваецца лодачная станцыя. Тут будзе звыш 30 вёсельных лодак. Цікавыя мерапрыемствы чакаюць рабят.

КАМСАМОЛЬЦАЎ – У ФРАНЦЫЮ І ЯПОНІЮ

“Турысцкія паездкі – добрая і карысная справа. У першую чаргу ў турысцкае падарожжа трэба адпраўляць  перадавікоў вытворчасці, актывістаў грамадскага жыцця. Паехаць за мяжу – ганаровае права.

Наш РК ЛКСМБ мае ў сваім распараджэнні шырокі выбар пуцёвак. Адрасы іх розныя: Германская Дэмакратычная Рэспубліка і Польшча, Чэхаславакія і Венгрыя, Балгарыя і Югаславія. Ёсць і пуцёўкі ў Алжыр, Японію, Сірыю, Ліван, Францыю, Данію, Швецыю і іншыя краіны.

Толькі з нашай вобласці ў турысцкіх паездках у краіны Еўропы і Азіі пабывала летась 320 маладых працаўнікоў. Абкам камсамола прыняў 15 маладзёжных дэлегацый з розных краін”, – паведамляе сакратар райкама ЛКСМБ М. Апаланюк.

КОРАТКА ПРА ГАЛОЎНАЕ

Гучыць апошні акорд веснавых работ. Аднак недазваляльна зацягваецца сяўба лубіну на сілас у калгасе імя Мічурына.

З 200 гектараў тут пасеяна толькі 96. Не пасеялі яшчэ ніводнага гектара лубіну ў калгасе імя Куйбышава. Яшчэ горш абстаяць справы з сяўбой кукурузы. У саўгасе “Ракаўскі” замест 100 гектараў пасеяна толькі 45, у калгасах імя Чарняхоўскага, “Беларусь” – ніводнага. У калгасах імя М. Горкага, імя Чарняхоўскага, “Рассвет” грэчкі не пасеяна ніводнага гектара.

Артысты Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы былі жаданымі гасцямі ў хлебаробаў сельгасарцелі “17 верасня”. На сцэне Брылькоўскага сельскага клуба яны паказалі спектакль “Мільён за ўсмешку”. Больш за 400 чалавек глядзела спектакль.

Дванаццаць гадоў таму на тэрыторыі калгаса імя К. Маркса было 293 хутары. Цяпер жа іх засталося мала: звыш 260 калгасных сем’яў перавезлі свае дамы ў добраўпарадкаваныя вёскі.

ВЕТЭРАН ПРАЦЫ – ГАНАРОВЫ ПІЯНЕР

Удзельніца падзей Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі 80-гадовая Ганна Антонаўна Пашкоўская сустрэлася з піянерамі Чабайскай школы. Яна доўгі час жыла ў Петраградзе. У красавіку 1917 года разам з рэвалюцыйнымі атрадамі рабочых хадзіла на Фінляндскі вакзал сустракаць У. І. Леніна, які вяртаўся з эміграцыі.

Рашэннем Савета дружыны Ганна Антонаўна была прынята ганаровым піянерам Чабайскай школы. Старшыня Савета дружыны Іра Сухадолец павязала ёй чырвоны гальштук. Нягледзячы на свой пажылы ўзрост, Г. А. Пашкоўская актыўна ўдзельнічае ў працы на палетках сельгасарцелі “Радзіма”.

НА КАНВЕЕРЫ – СУВЕНІРЫ

Новыя віды ткацкіх і керамічных вырабаў асвоены на Івянецкай фабрыцы мастацкай керамікі і вышыўкі. Гэтыя юбілейныя сувеніры выпускаюцца да 50-годдзя Савецкай улады і 900-годдзя Мінска.

Керамічныя вазы, гарлачыкі, прыборы для сокаў, грузінскае цкібано, дэкаратыўныя сасуды, фартухі, абрусы, ручнікі – усё напоўнена хараством. Цяпер штодзённа з цэхаў фабрыкі выходзіць 425 адзінак прадукцыі. Вялікі ўклад у выкананне сацыялістычных абавязацельстваў уносяць ганчары Франц і Віктар Кулікоўскія, Іван Малчановіч, шліфоўшчык Антон Мікіцкі, ткачыха Марыя Дзеніс, вышывальшчыца Яніна Савіцкая і іншыя.

ВУЧЫЦЦА Ў 30 ГОД – НЯЛЁГКАЯ СПРАВА

Людзі розных узростаў трымаюць экзамен на атэстат сталасці ў Багданаўскай вячэрняй школе. Многім па 30 год, а Анатолію Лапаніку і Тамары Гембіцкай ужо каля 40. Нягледзячы на цяжкасці яны на працягу ўсяго навучальнага перыяду спалучалі працу з вучобай.

За партамі можна бачыць шафёра саўгаса Віктара Скварку, кінамеханіка Эдуарда Чымбора, стрэлачніка Івана Масцяброцкага, дзяжурную па станцыі Галіну Манкевіч і інш. Лепшыя ацэнкі на экзаменах атрымалі Марыя Цузаноўская, Марыя Часноўская, Яўгенія Гардынец.

ДЗЯКУЙ ТАБЕ, СЛАВА!

“Вясёлай гурбой хлопчыкі адправіліся на рэчку. Сярод іх быў і Сярожа Казак, вучань трэцяга класа Вішнеўскай сярэдняй школы. Ён зайшоў у рэчку, але яму не пашанцавала…

Хлопчык пачаў тапіцца. Яго сябры, якія былі на беразе, пачалі клікаць на дапамогу. У гэты час недалёка ішоў вучань 10-га класа той жа школы Слава Лучынскі. Ён кінуўся на дапамогу тапельцу. Вынес яго на бераг і доўга змагаўся за жыццё Сярожы, які быў ужо ў беспрытомнасці. Мы, бацькі, ад усёй душы дзякуем гэтаму смеламу хлопцу, які выратаваў нашага сына”, – піша П. Казак з вёскі Агароднікі.

УПЕРШЫНЮ Ў НАШЫМ РАЁНЕ

У Дзень Перамогі ў ваколіцы вёскі Аўгустова раённы камітэт ДТСААФ праводзіў спаборніцтвы па фігурным ваджэнні аўтамашын і матацыклаў.

Нядрэнны старт узяў шафёр раённага аб’яднання “Белсельгастэхніка” І. Балашка. Ён адразу захапіў лідарства. Але ў спаборніцтва ўключыўся М. Кулак з аўтабазы № 14. Ён дакладна выканаў усе віды праграмы, такім чынам, стаў пераможцам у асабістым заліку.

Мала адставаў ад лідараў і вадзіцель аўтабазы № 14 І. Ліннік, ён таксама заняў другое прызавое месца. Трэцяе – шафёр калгаса “Рассвет” С. Ахрэм.

Па фігурным ваджэнні матацыклаў камандную перамогу заваявалі матацыклісты раённага аб’яднання “Белсельгастэхнікі”. У асабістым заліку першае месца прысуджана прадстаўніку гэтай каманды В. Кавалеўскаму.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий