УРАДЖАЙ СПАРТЫЎНЫХ ПЕРАМОГ БЫЎ ШЧОДРЫ

Спорт

Ужо другі год запар раённая спартакіяда работнікаў АПК становіцца відовішчным мерапрыемствам як для яе непасрэдных удзельнікаў, так і для адданых балельшчыкаў.

Прадстаўнікі розных узростаў, прафесій і службовых рангаў аб’ядноўваюцца пад лозунгам здаровага ладу жыцця.

На стадыёне ў мікрараёне Сельгастэхніка райцэнтра спаборнічалі ў сваім спрыце, вопыце прыхільнікі міні-футбола, гіравага спорту, аматары дартса і іншых відаў як у камандным, так і ў індывідуальным заліках.

Вострымі па напале саперніцтва аказаліся і спаборніцтвы па шматбор’і “Здароўе”. Лепшыя вынікі сярод жанчын тут паказалі Кацярына Карпінская з МАУП “Падбярэззе”, Алеся Карсюк з ААТ “Агра-Вішнеўскі”, Юлія Гламбоцкая з СВК “Пяршаі-2003”, а таксама Людміла Станкевіч з  Валожынскага льнокамбіната, Ірына Камок з ААТ “Агра-Дубінское” і многія іншыя. Сярод прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва ў шматбор’і вызначыліся Яўген Вансовіч з МАУП “Падбярэззе”, Дзяніс Жыліч з ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка, Мікіта Белановіч з ААТ “Багданаўскае”, Станіслаў Шэшка з КСУП “Сакаўшчына-Агра” і многія іншыя спартсмены.

Па выніках раённай спартакіяды тытул лепшых у гіравым відзе спорту заслужылі Павел Станкевіч з ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, Сяргей Уласенка з валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. А ў дартсе непераўзыдзены вынік паказаў Дзмітрый Няборскі з ААТ “Лоск”.

Зрэшты, кожны від спартыўнага спаборніцтва меў сваіх прафесіянальных і шчырых прыхільнікаў, таму і вынікі былі адпаведна высокія. Інтрыгуючым момантам раённай спартакіяды было абвяшчэнне каманд-прызёраў. Першае месца заваявалі прадстаўнікі ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, з другім месцам арганізатары спартакіяды шчыра віншавалі каманду з ААТ “Багданаўскае”. Трэцюю прыступку занялі спартсмены з ААТ “Лоск”.

Дадому ўдзельнікі і балельшчыкі вярнуліся з масай прыемных эмоцый, зарадам бадзёрасці ў душы, а пераможцы ў дадатак да гэтага атрымалі яшчэ і каштоўныя падарункі, Ганаровыя дыпломы ад райкама прафсаюза работнікаў АПК і аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.

Наш кар.

 



Добавить комментарий