У ПАГОНІ ЗА ВЫРУЧКАЙ

Закон и порядок

Некаторыя гандляры прапануюць пакупнікам няякасныя прадукты…

Супрацоўнікі камітэта праверылі 21 аб’ект рознічнага гандлю і грамадскага харчавання, якія размешчаны ў горадзе Жодзіна. І сутыкнуліся з мноствам грубых парушэнняў: пратэрмінаваная прадукцыя, абсталяванне, якое не прайшло паверку, выяўлены завышэнне цэн і іншыя недахопы. На кожным з трох аб’ектаў ААТ “Меркурый і К” пакупнікам прапаноўвалі “старыя” (ад сутак да двух месяцаў) харчовыя тавары. Агульная сума такой прадукцыі склала 1,5 мільёна рублёў.

У магазіне № 13 пры фасоўцы сухафрукты былі замаркіраваны з указаннем тэрміну годнасці, які быў неабгрунтавана павялічаны ад 52 дзён да паўгода.

Зазірнулі кантралёры і на ДУП “Жодзінскі камбінат грамадскага харчавання”. Тут заляжалыя тавары пацягнулі аж на 3,7 мільёна рублёў. Названае прадпрыемства адгружала пабочным арганізацыям уласную прадукцыю без дакументаў, якія засведчвалі б якасць паставак. Падобным чынам за 9 месяцаў мінулага года рэалізавана прадукцыі больш чым на 56 мільёнаў рублёў.

Аналагічныя парушэнні выяўлены і ў іншых гандлёвых кропках. На складзе сталовай № 4 ААТ “БелАЗ” разам з якаснай прадукцыяй захоўвалаліся і тавары, тэрмін ужытку якіх скончыўся 5 месяцаў таму. А некаторыя нават выкарыстоўваліся работнікамі пры вытворчасці харчовай прадукцыі.

Праверка паказала, што часта сустракаюцца і парушэнні пры афармленні ярлыкоў цэн.

З улікам прыведзенай вышэй інфармацыі Камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці заклікае пакупнікоў быць уважлівымі, а пры выяўленні парушэнняў ў абавязковым парадку патрабаваць Кнігу заўваг і прапаноў, каб пакінуць там адпаведныя запісы. Мэтазгодна таксама звяртацца і ў тэрытарыяльны орган кіравання гандлем.

М. ШЭКА.



Добавить комментарий