Наша апытанне: Сціплы сэрвіс аўтатранспартнікаў

Общество

У Валожыне больш за 100 вуліц. І толькі некалькі з іх звязаны аўтобуснымі маршрутамі. У апошнія гады нішу ў абслугоўванні занялі прыватныя таксі.
“Ці задаволены вы работай гарадскога грамадскага транспарту?” – гэтым на днях мы пацікавіліся ў жыхароў райцэнтра.

Наталля ПАЛЯШЧУК, ліцейшчыца ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”:

– Хацелася б, каб аўтобус курсіраваў па гораду часцей. У нас з мужам двое дзяцей, машыны пакуль не маем, таму карыстаемся гарадскім транспартам. З нашага мікрараёна Сельгастэхніка жанчыне на абцасах ісці ў тую ж аптэку цяжка і вельмі далёка. Можна адкрыць і новыя маршруты на аддаленыя ад цэнтра вуліцы, каб да сяброў з’ездзіць у госці, наведаць сваякоў. Пакуль жа на працягу многіх гадоў курсіруе толькі адзін маршрут: Каштаноўка – Сельгастэхніка – бальніца.

Галіна Волкава

Галіна ВОЛКАВА, пенсіянерка:

– Людзі ва ўзросце часта ездзяць у паліклініку. Вось прыедзем туды на аўтобусе ў 8 гадзін, сходзім да ўрача. А як вяртацца назад у ранішні час? Наступны аўтобус з паліклінікі пойдзе на Чапаева толькі ў час дня. І прыходзіцца сядзець чатыры гадзіны без справы, чакаць. Бо пяшком тры кіламетры адолець цяжка. Увогуле, у горадзе аўтобус павінен курсіраваць кожны дзень тыдня і з больш частымі інтэрваламі, бо таксі пенсіянерам не па кішэні. А ў суботу чамусьці ўвогуле грамадскі транспарт у Валожыне не працуе.

Галіна Бялова

Галіна БЯЛОВА, работнік магазіна “Змешаныя тавары”

– Жыву на вуліцы Міра, а працую на Чапаева – два розныя канцы горада. З працы іду ў восем гадзін вечара, пешшу. Па дарозе сустракаю знаёмых, таксама ідуць з працы. Можа варта зрабіць, каб аўтобус курсіраваў з сямі гадзін раніцы да дзевяці вечара? І не толькі ў будныя дні, але і ў суботу, і ў нядзелю. Часта даводзіцца бачыць людзей з цяжкімі сумкамі, якія ідуць на вакзал. Пажадана, каб расклад гарадскога аўтобуса быў прыбліжаны да раскладу аўтобусаў, што едуць на Мінск.

Іван Бартош

Іван БАРТОШ, вадзіцель аўтобуса ДУП “Валожынскае ПМС”:

– У мяне ёсць свая машына, але раніцай на працу адпраўляюся на аўтобусе, дадому таксама вяртаюся пасажырскім транспартам. Так танней. Пажадана, каб па гораду курсіравалі два аўтобусы, бо часта не ўсе могуць уціснуцца ў салон. Хацелася б, каб і ў суботу хадзіў гарадскі транспарт, а ў нядзелю яго рэйсы былі б хоць да двух гадзін дня, а не да адзінаццаці. Пашкадуем бабулек, што вяртаюцца з базару пешшу!

Алена Пілепёнак

Алена ПІЛІПЁНАК, жыхарка Валожына:

– Мне не прыходзілася карыстацца гарадскім аўтобусам, нават не ведаю яго раскладу і прыпынкаў. У нашай сям’і ёсць легкавая машына, але я люблю хадзіць пешшу на працу, у магазін, на базар, мне гэта прыемна і дастаўляе вялікае задавальненне. Весці рухавы лад жыцця карысна для здароўя! Да таго ж у цэнтры горада размешчаны амаль усе ўстановы, арганізацыі. Людзям, якія жывуць на перыферыі, відаць, няпроста прыходзіцца без рэгулярных аўтобусных маршрутаў.

Гутарыла Алена ПАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий