СТАРЫ КУФАР ЭЛЕГАНТНА ГЛЯДЗІЦЦА Ў СУЧАСНЫМ ІНТЭР’ЕРЫ

Общество

Ужо больш за 70 гадоў няма на свеце бабкі Параскі з Яршэвічаў. А што яна мела залатыя рукі ведаюць, памятаюць і ганарацца гэтым яе нашчадкі мінімум трох пакаленняў.
Яна была не толькі руплівая маці і гаспадыня, а і на рознае рамяство час знаходзіла, хоць і нялёгка было адолець усе сялянскія клопаты разам. А захаплялася Параска справай, якая найчасцей больш звыклая мужчынскаму спрыту і сіле – лозапляценнем.

З-пад яе здольных рук выходзілі адмысловыя рэчы, яны мелі шырокае практычнае прымяненне ў сялянскім побыце. Многае са зробленага, на жаль, страцілася ў віхуры гадоў і пад пятой капрызнай моды. А вось прасторны куфар, зроблены з соцень пруцікаў гнуткай лазы, і цяпер выглядае досыць рэспектабельна.
Колькі гэтаму куфру-аксакалу гадоў, сёння ніхто ў сям’і Русецкіх дакладна сказаць ужо і не бярэцца. З сумам толькі зазначаць, што бабкі – здольнай майстрыхі – не стала яшчэ ў далёкім 1939 годзе…
Зрэшты, артэфактаў, накшталт даўнейшага куфра, у сям’і Русецкіх захоўваецца нямала. Са шчырай радасцю яны пахваліліся перад намі і глінянымі збаночкамі-спарышамі, у якіх раней звычайна насілі ежу работнікам жніва ці касцам. У адзін гладыш налівалі халаднік, а другі напаўнялі апетытнай бульбяной кашай…
На гарышчы старой хаты продкі некалі адшукалі, старанна ачысцілі ад павуціння і пылу і яшчэ адзін рарытэт. Ім аказалася вялізная пасудзіна, сплеценая, відаць, з трыснягу. Цяперашняя гаспадыня сядзібы Галіна Мікалаеўна дзеліцца сваёй здагадкай, што хутчэй за ўсё яе сваякі некалі тут захоўвалі збожжа. Хто ж аўтар гліняных спарышоў і плеценкі з трыснягу, сёння ўжо дакладна сказаць ніхто не бярэцца. Хутчэй за ўсё гэты гаспадарчы посуд набылі ў мясцовых мануфактуршчыкаў. Рарытэты ў доме берагуць старанна, бо ведаюць, што рэчы, якія захаваліся з сівой даўніны, ніколі не страчваюць свайго сапраўднага кошту. І гэты кошт вымяраецца не толькі грашыма.
Гісторыя, пра якую мы распавялі вышэй, нам стала вядома зусім выпадкова. У вёсцы Яршэвічы нашу ўвагу прыцягнула ярка аформленая сядзіба. Мы падышлі бліжэй да хаты. Гаспадыня не пярэчыла нашай вялікай цікаўнасці. Правяла экскурсію па падворку. Расказала, што да нядаўняга часу жыла ў Мінску, а калі памёр свёкар, то трэба было даглядаць у вёсцы вялікую гаспадарку: былі тут гусі, куры, свінні і нават конь. Таму, на той час ужо пенсіянерка, вымушана была пакінуць сталіцу і пераехаць у Яршэвічы. Тут, дарэчы, і дочкі Святлана і Таццяна таксама абсталёўваюць уласныя сядзібы. А значыць, нітачка светлай памяці пра бабку Параску яшчэ доўга не парвецца…
Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий