З МАСТАЦКІМ ГУСТАМ

Общество

У Нясвіжы прайшло VI абласное свята-конкурс майстроў саломапляцення “Саламяныя дзівосы”, якое праводзілася ў рамках абласнога свята народнай творчасці “Нясвіжскі фэст”.

На выстаўцы дэманстраваліся ўзоры саламянай пластыкі: лялькі, утылітарна-дэкаратыўныя вырабы, капелюшы, посуд, кветкі і многае іншае.

Наш раён на конкурсе прадстаўлялі Людміла Кацура і яе дачка Кацярына з вёскі Гарадзечна, Леанарда Капуста і ўдзельніцы гуртка “Зрабі сам” Паліна Лаўрыновіч, Ірына Багдановіч і Таццяна Бяззубенка з Івянца.

Саломапляценне на Валожыншчыне мае глыбокія традыцыі, якія і сёння жывуць дзякуючы мясцовым майстрам. Наталля Хаванская з Сакаўшчыны самастойна авалодала тэхнікай вырабу з саломкі і ўпершыню ўдзельнічала ў свяце-конкурсе. Сярод ста ўдзельнікаў яна атрымала дыплом I ступені “За лепшую аплікацыю саломкай па цвёрдай паверхні”. Леанарда Капуста таксама ўзнагароджана дыпломамі I ступені “За асабісты ўклад у адраджэнне традыцый саломапляцення” і II ступені “За высокае майстэрства, мастацкі густ і асабісты ўклад у развіццё традыцый саломапляцення”. Ірына Багдановіч атрымала дыплом III ступені “За лепшага рамбічнага павука”.

У рамках свята “Нясвіжскі фэст” праводзіўся і IV абласны фестываль народнай музыкі “Грай, гармонік!”, а таксама фестываль “Фальклорная талака”, у якіх удзельнічалі ансамбль народнай музыкі “Івянецкія музыкі”, акампаніятар РЦК Андрэй Барыгін (дудка, жалейка) і гурт народнага гумару “Дубінскія фанабэры”.

Дэлегацыя майстроў Валожыншчыны пабывала і на фестывалі “Карагод стагоддзяў”, які праводзіўся на тэрыторыі Гальшанскага замка. Майстры не толькі арганізавалі выставу-продаж, але і правялі майстар-класы па вырабе з гліны, ткацтву на кроснах, па выцінанцы.

Таццяна ЛАНЬКО,

кіраўнік народнага аб’яднання “Скарбніца” РЦК.



Добавить комментарий