ВІТАЛІ ТАЛЕНАВІТЫХ, ІНІЦЫЯТЫЎНЫХ…

Официально

Раённае свята, прымеркаванае да Міжнароднага дня абароны дзяцей, сабрала ў свае рады лепшых вучняў раёна.

На сцэне раённага Цэнтра культуры ў першы дзень лета віталі 172 самых ініцыятыўных, артыстычных, працалюбівых і таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак – пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў, аглядаў, спаборніцтваў, а таксама 48 педагогаў Валожыншчыны.

Як адзначыла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Г. В. Сматрова, якая першай выйшла на сцэну для афіцыйнага адкрыцця ўрачыстасці, выхаваць, узгадаваць таленты вельмі няпроста. Галіна Вячаславаўна падзякавала педагагічнаму калектыву раёна за выдатны вынік іх працы – вялікую колькасць прозвішчаў намінантаў, падзякавала самім школьнікам за руплівасць, старанне. А затым слова ўзялі самі дзеці…

Нікога не пакінула раўнадушным работа выпускніцы Багданаўскай школы Іны Міхайлоўскай, якую дзяўчына рыхтавала на рэспубліканскі конкурс «Моладзь і дзеці ў гады Другой Сусветнай вайны». Напісанае ёй пісьмо аднагодкам з далёкага 41-га з першых радкоў захапіла, расчуліла залу яркасцю і дакладнасцю вобразаў і слоў, прапушчаных праз сэрца. Затым прадэманстравалі свой краязнаўчы бізнэс-праект «Дарогу асіліць ідучы» прадстаўніцы гімназіі № 1 райцэнтра: іх работа сёлета была адзначана дыпломам 2-ой ступені на абласным конкурсе інавацыйных бізнэс-ідэй.

Выдатна выступілі перад залай і вучні Яршэвіцкай школы – прызёры абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон-2012», пакарылі гасцей і ўдзельнікаў свята раскрытай у выступленні глыбінёй сямейных пачуццяў ўдзельнікі літаратурна-музычнага салона «Вдохновение» сярэдняй школы № 1 райцэнтра.

А неўзабаве пачалася другая частка ўрачыстасці – узнагароджанне вучняў і педагогаў. Сёлета яно праходзіла ў трох намінацыях – «Інтэлектуальная вяршыня», «Свет творчасці» і «Спартыўны Алімп». Тут віталі пераможцаў III этапу рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах, II Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі «Навуковыя імкненні-2011», VIII Міжнароднага форуму студэнцкай і вучнёўскай моладзі «Першы крок у навуку-2012», V міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі «Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці народа», міжрэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі «Паркава-сядзібныя комплексы і сядзібы роднага краю: мінулае, сучаснасць, будучыня», а таксама пераможцаў абласнога конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў і многіх іншых. Заслужаныя ўзнагароды школьнікам і падрыхтаваўшым іх педагогам уручылі старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік. Акрамя гэтага, дыпламанты і прызёры прадметных і дыстанцыйных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый і творчых конкурсаў атрымалі падарункі ад раённай арганізацыі ГА «Белая Русь».

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий