“ХУТКАЯ” СПЯШАЕЦЦА НА ВЫКЛІК

Общество

Штодзённае дзяжурства ў раённым аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі нясуць 4 фельчарскія брыгады (2 – у Валожыне, па адной – у Ракаве і Івянцы).

НЕ РАБІЦЕ З МУХІ СЛАНА
Выезд машыны хуткай медыцынскай дапамогі нятанны, у сярэднім абыходзіцца бюджэту ў 170 тысяч рублёў. Таму выклікаць “хуткую” трэба толькі ў выпадку тэрміновай неабходнасці.
У першую чаргу тэлефануюць на “103” пры няшчасных выпадках у быту, на вытворчасці, на транспарце, а таксама пры раптоўных захворваннях і станах, якія могуць пагражаць жыццю і здароўю. Гэтыя выклікі адносяцца да катэгорыі “экстраных” і “тэрміновых”, таму машына “хуткай” выедзе ў самыя кароткія тэрміны.
Усе астатнія прычыны выкліку машыны хуткай дапамогі адносяцца да катэгорыі “неадкладных”. Іх, як паказвае практыка, большасць. Гэта і ваганні артэрыяльнага ціску, галаўны боль, парушэнне сну, болі ў суставах, дробныя траўмы і ўдары, праявы прастуды і іншае. Такія выклікі могуць быць пераадрасаваны на амбулаторна-паліклінічную службу і, калі вам самому не атрымаецца наведаць паліклініку, да вас прыедзе ўчастковы тэрапеўт ці фельчар ФАПа.

САМ САБЕ ДОКТАР
Да прыбыцця машыны хуткай дапамогі не варта забываць пра сама- і ўзаемадапамогу.
Пры адсутнасці свядомасці, біцця сэрца, дыхання (клінічная смерць) трэба ачысціць рот, высунуць наперад ніжнюю сківіцу, неадкладна пачаць штучнае дыханне і закрыты масаж сэрца. Пры прыступе ўдушша ў хворага бранхіяльнай астмай дапаможа інгаляцыя сальбутамола (бератэка, берадуала); Моцны крывацёк з раны спыніць тугая павязка. Каб спыніць пульсуючаю кроў, трэба пакласці вышэй месца ранення жгут з указаннем часу накладання.
Пры сутаргах, страце свядомасці пакладзіце хворага на бок, дайце доступ свежага паветра, можна даць удыхнуць пары нашатырнага спірту. Калі здарыўся сардэчны прыступ, трэба пакласці хворага, даць доступ свежага паветра, таблетку нітрагліцэрыну пад язык. Высокі артэрыяльны ціск, які суправаджаецца млоснасцю, рвотай, галаўным болем, можна знізіць каптапрылам (ніфедіпін, клафелін) пад язык;
Пры пераломе канечнасці, траўмах пазваночніка нельга рухаць хворага, трэба даць абязбольваючае (анальгін, діклафенак і інш.). Высокую тэмпературу знізяць парацэтамол, ібуклін, ібуфен, можна расцерці цела вадой напалову з воцатам.

“ХУТКАЯ” – НЕ СТОЛ ЗАКАЗАЎ
Брыгада хуткай дапамогі не выконвае ін’екцый і іншых лячэбных працэдур, назначаных участковым урачом для планавага лячэння, а таксама не выдае даведак і лістоў аб непрацаздольнасці, не праводзіць агляд на прадмет алкагольнага ап’янення, не служыць для транспартавання хворых з дому ў лячэбныя ўстановы.
Хто выклікае “хуткую”, павінен ведаць наступныя правілы. Неабходна выразна адказаць на ўдакладняючыя пытанні медсястры па прыёме выклікаў. Правільна паведаміць дадзеныя пра сябе ці свайго блізкага, дакладны адрас, прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост і нумар тэлефона, з якога робіцца выклік.
Ганна МАЛІНІНА,
загадчыца прыёмнага аддзялення
Валожынскай ЦРБ.



Добавить комментарий