ПА СЯДЗІБАХ ІВЯНЕЦКА-РАКАЎСКАГА КРАЮ

Общество

Музеі – наша гісторыя, таму яны павінны быць бліжэй да грамадства. Нядаўна ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй. А пазней для работнікаў нашага музея за сродкі прафсаюзнай арганізацыі была арганізавана паездка па экалагічных сядзібах. Мы наведалі многія з іх. На кожнай чакала інтрыгуючая праграма.
Сядзіба Громава знаходзіцца недалёка ад вёскі Галімцы. Гаспадар – адмысловы разьбяр па дрэве, сваімі рукамі аздобіў жытло рознымі абярэгамі.
Адведалі мы і ліпавага мядку на сядзібе“Свет пчол”.
Затым па старавіленскаму тракту паехалі да збіральніка фальклору, фолькмузыканта, мастака-графіка Алеся Лася. Сапраўдная “изюминка” знаходзіцца ўнутры сядзібы – музычныя інструменты пачатку і сярэдзіны ХХ стагоддзя: цымбалы, скрыпка, дуда, ліра, баседля, акардэоны, на якіх музыкі гралі на вечарынах, вяселлях, хрэсьбінах…
Загарадны клуб “Фестывальны” здзівіў нас сваім спартыўна-культурным цэнтрам “Малпалэнд”, які створаны ў адпаведнасці са стандартамі аналагічных паркаў у Славакіі і Аўстрыі. Гэта вяровачная паласа з нестандартнымі этапамі па пераадоленні перашкод на вышыні ад 5 да 7 метраў.
Далей наш шлях ляжаў на сядзібу “Марцінова гусь”. У той дзень тут гучала музыка, праводзіліся майстар-класы па старажытных танцах. Побач прадаваліся сувеніры. Асабліва выдзяляліся высокія шкляныя куфлі з выявай гуся. Наведалі і сядзібны дом, дзе гаспадар – вядомы беларускі гісторык, публіцыст, мастацтвазнаўца Алесь Белы арганізаваў музей, які апавядае пра гісторыю краю.
Апошняй кропкай маршруту стала сядзіба “Тэраскі”, якая знаходзіцца ў 9-ці кіламетрах ад Івянца на ўзлеску Налібоцкай пушчы.
Ад гэтага падарожжа ў кожнага з нас засталіся самыя прыемныя ўражанні.

Галіна САБАЛЕЎСКАЯ,
старшы навуковы супрацоўнік
Івянецкага музея традыцыйнай культуры.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *