ПАД ГУКІ РАЗВІТАЛЬНАГА БАЛЮ…

Официально

Горад Валожын. Плошча Свабоды. Гэты адрас у школьным раскладзе чэрвеня стаў ужо знакавым. Штогод па добрай традыцыі ў райцэнтры збіраюцца выпускнікі на сваю галоўную ўрачыстасць. Наўрад ці калі яшчэ за адзінаццаць гадоў вучобы ім удавалася сабрацца ў такім вось прадстаўнічым “фармаце”, як цяпер…

Вялікая і шумная кампанія старшакласнікаў, педагогі, бацькі, сябры выпускнікоў завіталі на плошчу вечарам 9 чэрвеня. Сярод мноства людзей увагу міжволі звяртаеш на галоўных віноўнікаў свята – прыгожа апранутых дзяўчат з «эксклюзіўнымі» прычоскамі ад самых таленавітых цырульнікаў, а побач з прыгажунямі-дзяўчатамі – элегантныя хлопцы. Усё, як на сапраўдным балі! З непрыхаванай радасцю і замілаваннем глядзяць на сваіх выхаванцаў настаўнікі і, задаецца, не вераць вачам сваім: “Нібы за адзін дзень сталі такімі дарослымі іх выхаванцы!”. Любуюцца сваімі мілымі дзеткамі і бацькі. У іх сэрцах столькі радасці і гонару, а адначасова і неспакою: як у іх дачок і сыноў складзецца самастойнае жыццё, якой будзе дарога да даросласці?
…Выпускнікі спрактыкавана, як рабілі ўжо не раз за школьныя гады, выстраіліся на ўрачыстую імправізаваную лінейку. Усё звыкла, як некалі ў школе. Ды толькі лёгкі сум міжволі чытаецца на іх тварах: бо гэта развітальная сустрэча. 285 дарог, а менавіта столькі сёлета ў раёне выпускнікоў, неўзабаве будуць пракладваць свой шлях па нязведаных яшчэ жыццёвых прасторах. Большасць гэтых маладых людзей, вядома ж, звяжуць свой далейшы лёс з вучобай у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Ва ўсіх ёсць шанц стаць студэнтамі, і амаль бяспройгрышны варыянт у гэтым плане ў медалістаў. Іх у нашым раёне сёлета дзесяць: Вікторыя Вайшнаровіч з Багданаўскай школы, Юлія Кулецкая і Іван Руды з Пугачоўскай, Юлія Пракаповіч з СШ № 2, Кацярына Скурат, Ганна Хімарода з Івянецкай, Марыя Чарныш з Ракаўскай, Віталій Родзевіч з гімназіі, Ганна Квач і Валянціна Нелюб з Дорскай школы.
З вялікай падзеяй у жыцці – з заканчэннем сярэдняй школы – старшакласнікаў віталі на раённым выпускным балі старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Г. В. Сматрова, прадстаўнікі райвыканкама, настаўнікі, бацькі і інш. Па традыцыі на сімвалічны п’едэстал гонару разам з дзецьмі-медалістамі падняліся і іх бацькі. Родныя людзі зрабілі шмат, каб іх дзеці жылі ў камфортных дамашніх умовах, каб мелі ўсё для якаснай вучобы, каб раслі здаровымі і моцнымі.
Медалісты з рук старшыні райвыканкама атрымалі падзяку і прэмію ў памеры пяці базавых велічынь, ушанаваны былі і бацькі медалістаў.
Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *