Гучыць мелодыя дрэва

Культура

2009 год у нашай краіне аб’яўлены Годам роднай зямлі. З гэтай нагоды прайшлі мерапрыемствы ў Івянецкай гарпасялковай бібліятэцы.
У чарговы раз наша бібліятэка знаёміць наведвальнікаў з творамі таленавітых людзей свайго рэгіёна. Году роднай зямлі прысвечана выстава «Мелодыя дрэва» майстра-разбяра Вітольда Адольфавіча Паплаўскага, які меў поспех у анімалістычным жанры ў апрацоўцы дрэва.
В. А. Паплаўскі (1916-1990 гг.) нарадзіўся ў вёсцы Янаўшчына Валожынскага раёна. Працаваў сталяром у Івянецкай сярэдняй школе. У школе і ва ўласнай гаспадарцы Вітольд Адольфавіч быў заняты амаль увесь час, але знаходзіў хвілінку, каб заняцца сваім хобі.
Выстава выклікала вялікую цікавасць у людзей рознага ўзросту і сацыяльнага статуса. Падоўгу затрымліваюцца наведвальнікі бібліятэкі каля драўляных скульптур жывёл і птушак. Работы майстра кранаюць любоўю да прыроды, добрым веданнем пластыкі жывёльнага свету нашых лясоў, прыгажосцю і непаўторнасцю нашай Бацькаўшчыны, высокім майстэрствам у апрацоўцы дрэва.
Выхаванне патрыятызму ў дзяцей і моладзі без выхавання гонару за свой край абсалютна немагчыма. Таму ў бібліятэцы пастаянна праводзіцца краязнаўчая работа па адраджэнню і захаванню нацыянальных традыцый свайго краю, прапагандзе беларускай народнай творчасці. Гэта дапамагае прывіць любоў да сваёй малой радзімы, імкненне захоўваць і памнажаць яе здабыткі, паважаць яе гісторыю.
Івянец вядомы як адзін з колішніх цэнтраў народных рамёстваў, дзе працавалі разбяры па дрэве, кавалі, ткачыхі. Сёння гэтыя традыцыі не толькі захаваліся, але і развіваюцца.

Людміла БАШУРА,
загадчыца Івянецкай гарпасялковай бібліятэкі.
Фота Ігара ЛЯВІНСКАГА.



Добавить комментарий