РЭАЛЬНАЯ АГІТАЦЫЯ ЗА ПРЫГАЖОСЦЬ

Официально

Гэты адміністрацыйны будынак у Пральніках – найлепшая агітацыя за прыгажосць, узорную санітарную культуру.

Абноўлены фасад грае мяккімі фарбамі, выразнай чырвона-карычневай паласой выдзяляецца цокальная частка памяшкання. У дворыку абсталяваны пандусныя дарожкі, устаноўлены зручныя металічныя поручні. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі заўсёды зручна трапіць у гэту ўстанову.

Тэрыторыя навокал ператворана ў аазіс прыгажосці. Акуратныя дарожкі з бетону і пліткі ўдала гарманіруюць з арыгінальнай сцежкай, выкладзенай з драўляных круглячкоў. Клумбы заварожваюць яркімі фарбамі. Вось-вось гатовы скарыць сваёй высакароднай прыгажосцю бутоны белых ружаў – наступае пара, калі раскрыюцца іх далікатныя пялёсткі.

Старшыня сельвыканкама Галіна Іванаўна Пупко таксама не можа схаваць сваіх радасных эмоцый і дадае: “Летась за праведзенае добраўпарадкаванне нам далі прэмію райвыканкама. Вырашыла, што лепш будзе, калі грошы не падзелім паміж работнікамі, а купім кусты ружаў, каб яшчэ прыгажэй стала”.

Уздоўж дарожак, на ганку, на карнізах вокнаў таксама вазоны з кветкамі. Шмат іх і ўнутры службовага памяшкання: у зале пасяджэнняў, у службовых кабінетах. Гэта жывое зялёна-квяцістае афармленне інтэр’ера стварае светлы настрой у наведвальнікаў, міжволі развівае ў іх характары пачуццё прыгожага. А людзей у сельвыканкам штодзень прыходзіць і прыязджае нямала.

Мы, дзякуючы спецыфіцы прафесіі, бываем у раёне ў многіх населеных пунктах, таму можам аб’ектыўна параўноўваць, рабіць вывады. Без перабольшання зазначым: такога прыгожага адміністрацыйнага будынка і такой дагледжанай тэрыторыі ў іншых вёсках мы дагэтуль не сустракалі.

Галоўнай завадатаркай добрых спраў тут, вядома ж, выступае сама старшыня. Зазірнулі мы і на прыватную сядзібу Галіны Іванаўны. Адразу бачна: тут жыве шчырая прыхільніца кветкаводства і выключнага парадку.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий