Прышчыпіцца і не хварэць

Общество

Па гэтаму прынцыпу даўно жывуць як асобныя гараджане, так і цэлыя працоўныя калектывы. З надыходам асенне-зімовага перыяду перад насельніцтвам зноў паўстае пагроза грыпу. Па прагнозах спецыялістаў, сёлета чакаецца такая ж вострая сітуацыя з захворваннем, як і летась. Але тыя, хто ўзяў сабе ў звычку своечасова рабіць прышчэпкі, ціхенька пасмейваюцца ў вусы: для іх эпідэмія не стане перашкодай весці здаровае дамашняе і працоўнае жыццё.

Па словах намесніка галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы па паліклінічнай рабоце Марыі Зянонаўны Магільніцкай, актыўная імунапрафілактыка насельніцтва ўжо пачалася. Закупка 3460 доз інактываванай вакцыны кітайскай і французскай вытворчасці вялася за кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Магчымасцю зрабіць бясплатную прышчэпку скарысталіся хранічныя хворыя, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, дзеці, пажылыя людзі, старэйшыя за 65 гадоў, і медыцынскі персанал. Платная ж каштуе 33 тысячы 260 рублёў. Гэта не грошы для ўстаноў, якія клапоцяцца пра здароўе сваіх работнікаў. У бягучым годзе дагаворы на вакцынацыю членаў працоўных калектываў з цэнтральнай раённай бальніцай заключылі 10 прадпрыемстваў і арганізацый раёна. 7 доз французскага прэпарата забраніраваў раённы вузел электрасувязі, па 10 – філіял КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167”, ААТ “ПМК-188”, ААТ “Белаграпрамбанк”, па 20 – ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, па 23 дозы выкупілі Валожынскія філіялы “Мінаблпаліва” і ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. 26 прышчэпак забраніравала ДУП “Валожынскае ПМС”, а ў бясспрэчныя лідары выйшаў ДВЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас”, які набыў прышчэпкі супраць грыпу для 84 чалавек. Ахвяраваць названай вышэй сумай на карысць уласнага здароўя вырашылі і 11 гараджан.

Сяргей САДОЎСКІ.



Добавить комментарий