З ЛЮБОЎЮ ДА РОДНАГА КРАЮ

Общество

Любое свята было б няпоўным без крылатай, узнёслай песні, без сцэнічнага ўвасаблення асноўнай канцэпцыі праводзімага мерапрыемства. Пра творчыя клопаты самадзейных артыстаў раёна, іх выканальніцкае майстэрства расказаў журналісту газеты начальнік аддзела культуры райвыканкама В. М. АДАМОВІЧ.

–      Вікенцій Мікалаевіч, ведаю, што не так даўно фінішавала творчая эстафета ўстаноў культуры раёна “З любоўю да роднага краю”. Якая была яе галоўная мэта? Ці праводзіліся падобныя ў іншых рэгіёнах Міншчыны?

–      Наколькі я валодаю інфармацыяй, то менавіта тут мы выступілі ў нейкім сэнсе наватарамі. Эстафета стартавала 21 красавіка. І амаль да пачатку лета раённая сцэна была аддадзена майстрам мастацкай самадзейнасці сельскіх устаноў культуры. У ёй прынялі ўдзел клубныя работнікі, а таксама калектывы дзіцячых школ мастацтваў, бібліятэкары і інш. Асноўная мэта – гэта прыдаць творчы імпульс рабоце ў рэгіёнах, рэалізаваць неардынарныя праекты, яркія ідэі. І, вядома ж, выбраць лепшыя нумары для гала-канцэрта, які адбудзецца ў райцэнтры 3 ліпеня.

–      Наколькі пасільнай аказалася гэта задача?

–      Я спецыяльна стараўся не прапусціць ніводнага канцэрта, які праходзіў у РЦК, каб ацаніць сітуацыю, зрабіць аб’ектыўны параўнаўчы аналіз. Па ўважлівых прычынах не змог пабыць толькі на творчых справаздачах Залескага і Пяршайскага сельскіх устаноў культуры. Але ведаю, што патрабавальная публіка высока ацаніла іх уклад у скарбонку талентаў. Зазначу, што ўсе без выключэння канцэртныя праграмы заслугоўваюць станоўчай ацэнкі. Падрыхтаваць такія маштабныя справаздачы – гэта карпатлівая праца. І ўсё ж сярод мноства выканаўцаў сваім яркім талентам, самабытнасцю выдзяляюцца многія. Не выпадкова раённая эстафета “З любоўю да роднага краю” адкрыла новыя імёны. Сваімі бліскучымі вакальнымі здольнасцямі скарыў не толькі мяне хлопчык з Івянца Ілля Нойкін. Гэта зорачка рэспубліканскага маштабу! І ў гэтых словах няма перабольшання. На раённай сцэне паказаў майстэрства вядучага канцэртных праграм галоўны эканаміст ААТ “Багданаўскае” Павел Родзь. Шырокі творчы дыяпазон і ў самадзейных артыстаў з вёскі Петрусоўшчына Пральніцкага сельсавета. У прыватнасці, яны заваражылі публіку пранікнёным выкананнем бардаўскай песні.

З вялікім стараннем да падрыхтоўкі справаздач аднесліся культработнікі Багданаўскага, Сакаўшчынскага сельсаветаў. Яркія творчыя здабыткі і ў калектыву Гародзькаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Тут, дарэчы, нарадзіўся ўдалы вакальны дуэт у складзе Таццяны Вашкевіч і Валерыя Язерскага.

– Ці багатая была жанравая палітра творчых справаздач?

–      Успомню і крыху інтэрпрэтую вядомую прымаўку: усе жанры былі харашы! А сумных, няўдалых нумароў у праграме не было. Эстафета стала дэманстрацыяй прыкметнага росту творчага майстэрства. Вакальныя, харэаграфічныя нумары, забаўляльны жанр – не пералічыць усяго, чым парадавала сцэна ў той час. А разгорнутыя выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пераканалі, што наша спрадвечнае рамяство беражліва адраджаецца, што шануецца спадчына продкаў. Вышыўка, ткацтва ручнікоў, выцінанка і многія іншыя віды мастацтва  выклікалі ў наведвальнікаў выстаў жывы інтарэс.

–      Вікенцій Мікалаевіч, Вы так захоплена расказалі пра працу сваіх калег. І, напэўна, многія пашкадавалі, што не схадзілі на канцэрты і выставы ў РЦК у красавіку-маі…

–      Сітуацыю, як кажуць, можна выправіць. На раённым свяце, якое адбудзецца 3 ліпеня, на гала-канцэрце выступяць лепшыя творчыя калектывы раёна. У праграму ўвойдуць і нумары, якія прызнаны найбольш удалымі ў ходзе раённай творчай эстафеты. Зацікавіць валожынцаў і шматлікіх гасцей і выстава майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Так што на свята трэба завітаць абавязкова. Уражанняў хопіць да наступнага лета!

Гутарыла

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий