Бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця

Общество

З 12 лістапада бягучага года ўступае ў сілу змененая і дапоўненая Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб бясплатным забеспячэнні прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця.

Права на такое бясплатнае забеспячэнне маюць сем’і грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян, што пастаянна пражываюць на тэрыторыі рэспублікі. Іх сярэднедушавы даход не павінен перавышаць 100 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за 6 месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу звароту. БПМ з 1 лістапада 2010 года па 31 студзеня 2011 года складае 283050 рублёў.

У палажэнне аб парадку бясплатнага забеспячэння прадуктамі харчавання ўнесены змены:

– рашэнне аб бясплатным забеспячэнні харчаваннем прымаецца камісіяй з першага чысла месяца, які ідзе пасля моманту звароту (раней – “з даты выпіскі рацэпта ўрачом-педыятрам”), на кожныя 6 месяцаў, пакуль дзіцяці не споўніцца два гады;

– факт сумеснага пражывання маці з асобай, якая не знаходзіцца з ёй у зарэгістраваным шлюбе, і вядзенне імі агульнай гаспадаркі пацвярджаецца самой маці ў заяве. Камісія мае права прыняць рашэнне аб устанаўленні такога факту сумеснага пражывання маці і дзяцей, прымаючы да ўвагі іншыя дадатковыя дакументы і звесткі (акт абследавання матэрыяльна-тэхнічнага становішча);

– бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання не назначаецца, калі працаздольны бацька ў поўнай сям’і або асоба, з якой маці не знаходзіцца ў зарэгістраваным шлюбе, нідзе не працуе і не зарэгістраваны ў якасці  беспрацоўнага; з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам і не плаціць узносы на абавязковае дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне; працуе на ўмовах няпоўнага працоўнага часу, калі такі рэжым працы ўстаноўлены па яго просьбе, за выключэннем выпадкаў, калі наймальнік абавязаны ўстанаўліваць няпоўны працоўны час у адпаведнасці з заканадаўствам;

– калі член сям’і (адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і) мае на тэрыторыі рэспублікі ва ўласнасці больш за адно жылое памяшканне (кватэру), за выключэннем шматдзетных сем’яў; здае па дагавору найму жылое памяшканне; рабіў выязны турызм на працягу 6 месяцаў перад датай звароту; набыў на працягу апошніх 6 месяцаў перад датай звароту транспартны сродак (акрамя веласіпедаў, мапедаў), за выключэннем сем’яў, якія маюць дзяцей-інвалідаў, інвалідаў 1-ай і 2-ой групы і шматдзетных сем’яў; маюць зямельны надзел для вядзення  асабістай падсобнай гаспадаркі, але не выкарыстоўваюць яго для атрымання сельскагаспадарчай прадукцыі, за выключэннем аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і, які з’яўляецца інвалідам 1-ай ці 2-ой групы, або аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і, што даглядае дзіця-інваліда.

Заява падаецца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Больш падрабязную інфармацыю вы можаце атрымаць, звярнуўшыся ў наш тэрытарыяльны цэнтр па адрасу: вул. Міра, 8 або па тэлефоне: 54-3-78.

Ніна РАДЫНА,  загадчык аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН.



Добавить комментарий