ВЕТЭРАНСКАЕ СЛОВА…

Культура

Леанід Андрэевіч ВЕЧАР, г. п. Івянец:

– Ці маеце Вы якое-небудзь дачыненне да вызваленчай аперацыі “Баграціён”?

– Самае непасрэднае!  Да вайны я скончыў 8 класаў, таму толькі ў 1944 годзе мне ўручылі павестку райваенкамата. З баямі прайшоў праз Беларусь, Польшчу, Прыбалтыку, Усходнюю Прусію, Германію. Блізка бачыў маршала Савецкага Саюза, камандуючага 1-га Беларускага фронту Канстанціна Ракасоўскага. Я меў званне сяржанта, камандаваў аддзяленнем кулямётчыкаў. Двойчы быў паранены. Адзін раз пад Варшавай, другі пад Данцыгам, але, дзякаваць Богу, застаўся жывы, бо куля, якая прайшла наскрозь, не закранула важныя органы. Аднойчы падлічыў і сам быў уражаны такой арыфметыкай: за вайну пешкі адолеў 2200 кіламетраў.

– Якія маеце рэліквіі ваеннай пары?

– Раней былі фатаграфіі, пісьмы. Але ўсё, на жаль, страцілася з цягам часу. Хаця тэксты пісьмаў, якія прыходзілі з дому, памяць беражліва захоўвае і цяпер. Пісала маці, дасылала лісты і родная сястра. У іх адна была просьба: “Дарагі Лёня, вярніся дадому жывы!”. Іх просьбу я выканаў. З маёй вёскі, што ў Старадарожскім раёне, на вайну пайшлі 12 чалавек, чорнай бядой пастукаліся ў хаты землякоў 8 пахаванак…

 

 



Добавить комментарий