Майсей Давыдавіч ВІТКІН, г. Валожын:
– Якую прафесію Вы мелі да вайны?
– Заканчваў Гомельскі педінстытут. У нядзелю 22 чэрвеня аб’явілі аб пачатку вайны. У панядзелак немцы ўжо бамбілі горад, а мы здавалі апошні выпускны экзамен. З марай пра настаўніцтва прыйшлося надоўга расстацца. Спасцігалі школу мужнасці і гераізму на франтах. У лістападзе 1944 года я быў цяжка паранены пад Кёнігсбергам, пачалося працяглае лячэнне ў шпіталях. У выніку апынуўся аж ва Уфе. У пачатку мая 1945 года пакінуў шпіталь на двух кастылях. У маладыя гады стаў інвалідам 2 групы. Горка было на душы. Але і вялікі гонар цешыў сэрца: за свой баявы шлях я быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
– Як сустрэлі героя на малой радзіме?
– Родам я з Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У вёсцы мы былі адзінай яўрэйскай сям’ёй. Але міласэрныя землякі не выдалі нас немцам. Затое ўкраінскія бандэраўцы расстралялі пятнаццацігадовую сястру і бацькоў. А дом спалілі. Родных я больш ніколі не ўбачыў. Гэта трагедыя была для мяне вялікім ударам. На вайне загінуў і родны брат.