УДЗЯЧНАЙ ПАМЯЦІ НЯЗГАСНАЕ СВЯТЛО

Общество

З ліпеня над усёй зямлёй беларускай лунала песня! У ёй угадваліся крылата-светлыя і кранальна-сумныя інтанацыі, бо гэта свята повяззю часоў яднае гісторыю і сучаснасць. У ім – боль і горыч мінулай вайны, у ім нязгасны бляск славы ветэранскай, у ім – рытмічны гук метранома нашай памяці.

Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў падарыў нам жураўліную песню ў блакітным небе, магчымасць адзначаць гэта ліпеньскае свята ў промнях нязгаснай славы народнай. Яркая адметнасць урачыстасці – прысутнасць на ім ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. А кульмінацыяй ліпеньскай урачыстасці ў Валожыне стала, безумоўна ж, урачыстае шэсце ўдзельнікаў вайны, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, а таксама шматлікіх дэлегацый і гасцей да брацкай магілы на плошчы Свабоды райцэнтра.

Традыцыйна ў час мітынгу 3 ліпеня вядучымі свята аб’яўляецца хвіліна маўчання. Але штораз кожны прысутны на свяце чалавек адчувае, якім болем у сэрцы адгукаецца рэха далёкага мінулага, жаль па тых, хто не вярнуўся дадому, чыя знічка жыцця згарэла ў жорсткім полымі вайны. Але зорка памяці людской будзе свяціць вечна. І пра гэта гаварылі ў сваіх віншавальных прамовах старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, ветэран працы, былы старшыня райсавета дэпутатаў С. С. Маляўскі, начальнік 55-га вузла радыёэлектроннай разведкі мясцовай воінскай часці А. Калач, прадстаўніца маладога пакалення В. Казак і іншыя. Члены дэлегацыі з Расіі, Украіны, Балгарыі таксама падкрэслівалі, як важна і цяпер мацаваць братэрства паміж славянскімі народамі, бо ў нас агульная гісторыя, агульнае мінулае, агульная Вялікая Перамога над фашызмам.

Шаноўныя госці сардэчна віншавалі прысутных з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Шчырыя зычэнні гучалі і з нагоды Дня горада. У прыватнасці, галава адміністрацыі Зарайскага раёна Маскоўскай вобласці Андрэй Еўланаў падкрэсліў важнасць дружбы славянскіх народаў, напомніў, што ў гады мінулай вайны рашаючую ролю сыграў менавіта інтэрнацыянальны патрыятычны дух людзей. Кіраўнік адміністрацыі прывёў і факт ужо з сучаснай гісторыі. Вучні адной са школ Зарайскага раёна ў лютым гэтага года пабывалі па запрашэнні ў Гродне. Яны прывезлі капсулу з зямлёй на магілу беларускага лётчыка, які загінуў у Падмаскоўі, здзейсніўшы свой першы баявы таран.

Сувязь часоў і пакаленняў не парываецца! А значыць, і памяць наша неўміручая.

Ужо каторы год запар разам з Днём Незалежнасці рэспублікі мы святкуем і Дзень роднага горада. У аўторак наш горад па колькасці людзей павялічыўся ў шмат разоў. З многіх куткоў не толькі Беларусі, але і іншых краін прыехалі валожынцы на сваю малую радзіму. Каб гэты дзень запомніўся, арганізатары свята загадзя рыхтуюць змястоўную праграму. На гэты раз сапраўдны падарункам стаў канцэрт народных артыстаў Беларусі Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча.

Папулярны дуэт артыстаў сабраў вялікую аўдыторыю гледачоў. Усе стараліся паглядзець той канцэрт.

Велічным па сваёй значнасці пунктам вячэрняй праграмы быў, вядома ж, удзел у рэспубліканскай акцыі “Спяваем Гімн разам”.

Да глыбокай ночы весяліўся, спяваў, адпачываў наш старажытны і вечна малады Валожын. А неўзабаве небасхіл азарыўся яркімі мірыядамі святочнага салюту. Ён абрушыўся на зямлю шквалам радасных эмоцый, адгукнуўся ў сэрцах імгненнямі шчасця, што ў Дзень роднага горада ты можаш быць разам з ім!

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий