АДПАЧЫНАК ЗА МЯЖОЙ

Общество

Калі вы запланавалі падарожжа ў паўднёвыя краіны, вам неабходна ведаць, што ў некаторых з іх існуе рэальная магчымасць заражэння інфекцыйнымі і паразітарнымі захворваннямі. У гэтым выпадку варта падумаць пра вакцынацыю.

Пры выездзе ў краіны, небяспечныя па жоўтай ліхаманцы (а гэта краіны Афрыкі (на поўдзень ад Сахары) і Лацінскай Амерыкі), вы павінны зрабіць прафілактычную прышчэпку і атрымаць міжнароднае пасведчанне пра вакцынацыю (прышчэпачны пункт гарадской паліклінікі № 19, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 119, т. 267-07-23). Паломнікам у Меку рэкамендуюць вакцынацыю супраць менінгакокавага менінгіту. Калі вы працяглы час плануеце правесці ў краінах Афрыкі і Паўднёва-Ўсходняй Азіі, зрабіце прышчэпку супраць гепатыту А і В. А калі краіна небяспечная па малярыі, атрымайце рэкамендацыі ў свайго ўчастковага ўрача пра прафілактычныя лекавыя прэпараты і спосабы іх прымянення.

Нязвыклыя ўмовы адпачынку, клімат, харчаванне, мясцовыя звычаі таксама павышаюць рызыку заражэння інфекцыйнымі захворваннямі. Таму прытрымлівайцеся нескладаных, але вельмі важных правілаў. Перш-наперш выконвайце элементарныя правілы асабістай гігіены, як мага часцей мыйце рукі. Ніколі не піце ваду з адкрытых крыніц, ешце толькі тыя прадукты, у якасці якіх вы ўпэўнены. Пазбягайце выпадковых кафэ на вуліцы, не каштуйце прадукты на рынках. Нельга ўжываць сырыя малочныя прадукты, сырую рыбу і іншыя морапрадукты. Фрукты абавязкова мыйце і абірайце лупіну. Каб не заразіцца лічынкамі трапічных глістоў ці грыбкамі, не варта хадзіць басанож. На пляжы загарайце толькі на падсцілцы або лежаку. Пры купанні ў адкрытых басейнах старайцеся, каб вада не пападала ў рот. Прымяняйце разнастайныя рэпеленты. Калі вам спатрэбілася неадкладная медыцынская дапамога, патрабуйце выкарыстання толькі аднаразовых шпрыцаў. У час адпачынку трэба быць асабліва асцярожнымі пры кантакце з жывёламі, з дзікай і хатняй птушкай (асабліва ў краінах, дзе выяўлены захворванні на птушыны грып). Калі вы перанеслі інфекцыйнае захворванне ў час знаходжання за мяжой, абавязкова вазьміце ва ўрача выпіску з вашай гісторыі хваробы ці падрабязнае яе апісанне і лячэнне. Калі ж вы адчулі недамаганне ўжо дома, неадкладна выклікайце ўрача. Пры любым павышэнні тэмпературы на працягу трох гадоў пасля вяртання, напрыклад, з краіны, небяспечнай па малярыі, таксама неабходна звярнуцца ў бальніцу і паведаміць пра тое, што вы былі ў тропіках.

Вольга СЯЛІЦКАЯ,

урач-эпідэміёлаг

ДУ “Валожынскі райЦГіЭ”.

 



Добавить комментарий