І ЗА ТАТУ І ЗА… МАМУ

Культура

прыйшлося быць для 5 дзяцей Васілю Пятровічу Гомалю з вёскі Суднікі пасля таго, як смерць заўчасна абарвала жыццё яго жонкі…

Не кожны мужчына здольны выгадаваць дзіця ў адзіночку. Клапатлівы тата можа справіцца з матэрыяльнымі цяжкасцямі. Але як адначасова выконваць і ролю маці? Як вырашыць незлічоныя бытавыя пытанні і разабрацца ў тонкай сферы выхавання, дзе мужчына не заўсёды кампетэнтны, асабліва калі ў сям’і расце дзяўчынка?

Васіль Пятровіч Гомаль працуе не пакладаючы рук з раніцы да ночы. Спачатку на сваім трактары ў ААТ “Суднікаўскі”, затым – дома. Памыць адзенне, зварыць апетытны суп і кашу, насмажыць катлет, агледзецца па гаспадарцы, праверыць дзённікі ў дзяцей, пажурыць-пашкадаваць маленькіх непасед і вырашыць яшчэ тысячу праблем – так праходзіць дзень у таты Васі.

“Ён не стогне і не ные. Трэба – вымые падлогу, дываны прапыласосіць і падзякі не папросіць. Ведае, як трымаць паяльнік, як прачысціць умывальнік, што заліць у сухі фламастар. Тата – на ўсе рукі майстар”, – міжволі ўспомніўся вершык, калі пазнаёмілася з гэтым кемлівым і спрытным гаспадаром.

У такім нязвыклым для іншых рытме Васіль Пятровіч жыве ўжо пяць гадоў. Стараецца не для сябе. Ён жа можа абмежавацца і малым, маючы сціплыя запыты. Знаходзіць у сабе сілы толькі для сваіх любімых дзяцей. Яны – яго галоўны стымул, радасць і сэнс усяго жыцця. А дзяцей у В. П. Гомаля – пяцёра…

Раней у іх быў сапраўд-ны ідэал сям’і, шумнай, вясёлай – Васіль з жонкай, тры сыны і дзве дачкі. Але ўсё неспадзявана змянілася: злы рок умяшаўся ў іх лёс. Васіль нечакана аўдавеў:

– Меншаму сыну тады было два гадкі. Я не ведаў, як жыць далей, упаў у адчай. Але менавіта дзеці і надавалі сілы. Выхоўваю іх не строга, яны самі бачаць, калі трэба працаваць, а калі можна і павесяліцца. Дапамагаюць ва ўсім.

Дзеці ў Васіля Пятровіча не па гадах сур’ёзныя. Яны пасталелі хутчэй звычайнага, сталі апорай і падтрымкай для бацькі, а ён – для іх.

Старэйшай дачцэ Алёне – 16. Яна вучыцца ў каледжы, марыць стаць цырульнікам і майстрам па манікюры. Андрэй, Юля, Дзяніс – школьнікі.

Клапатлівы бацька не прапускае ніводнага бацькоўскага сходу, стараецца, каб дзеці імкнуліся да ведаў, пастаянна цікавіцца адзнакамі ў дзённіку. У штодзённых клопатах дні, месяцы і гады ляцяць хутка. Нават і самому не верыцца, што ўжо ў верасні і малодшы сын Вася пойдзе ў першы клас. Да школы запаслівы тата ўжо даўно ўсё купіў і прыгатаваў.

Працаваць не паклада-ючы рук Васіль Пятровіч прывык з дзяцінства. Рос у шматдзетнай сям’і ў вёсцы Навікоўшчына Івянецкага сельсавета. Скончыў Валожынскае прафесійнае вучылішча, адслужыў у арміі. Уся гэтая школа жыцця і сфарміравала ў яго асаблівы характар чалавека працавітага, сумленнага, які не баіцца адказнасці, дастойна нясе нялёгкую ношу.

– Ці лічыце сябе нейкім асаблівым чалавекам, героем? – цікаўлюся, уражаная яго нялёгкім лёсам.

– Які ж я герой? Я проста выконваю свой бацькоўскі абавязак. Дзяцей на свет пусціў – адказвай за іх, пакажы ім правільны жыццёвы шлях, падтрымай, дапамажы.

Так, напэўна, гэта не геройства – гадаваць дзяцей у адзіночку. Бо колькі цяпер дзяцей жыве ў няпоўных сем’ях! Геройства – быць татам з вялікай літары. Мужчына з цэлай “чарадой” дзяцей – унікальны выпадак, прыклад сілы духу, вернасці, цярпення і нават самаахвяравання, калі хочаце.

У бліжэйшых планах Васіля Пятровіча – сабраць грошы і выкупіць дом, у якім цяпер жыве іх сям’я.

У трэцюю нядзелю чэр-веня ў многіх краінах свету адзначаюць Дзень Бацькі. У Канадзе гэта, напрыклад, – нацыянальнае свята. У Расіі Дзень Бацькі святкуюць 1 лістапада. Аднак там, як і ў нашай краіне, яго адзначаюць не афіцыйна.

– Напэўна, такіх клапатлівых мужчын, як В. П. Гомаль, таксама трэба традыцыйна віншаваць у Дзень Маці. Дзякуючы такім міласэрным людзям, дзеткі не так востра адчуваюць боль сіроцтва, – вельмі сур’ёзна прапанавала старшыня Пральніцкага сельвыканкама Г. І. Пупко.

У гэтым ёсць рэзон. Атуліць дзяцей мацярынскім клопатам, пяшчотай, не пабаяцца жаночай работы можа толькі сапраўдны мужчына і бацька.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 



Добавить комментарий