Общество

Напярэдадні Дня Незалежнасці і Свята горада незвычайны падарунак ветэранам Вялікай Айчыннай вайны зрабілі ўдзельнікі клуба пажылых людзей “Залатая восень”, што існуе пры ТЦСАН. Яны завіталі з канцэртам да тых, каму ўжо складана рухацца без дапамогі блізкіх, хто па стане здароўя і ўзросце не змог бы наведаць раённае святочнае мерапрыемства. Ініцыятарам такой акцыі сталі самі ўдзельнікі клуба, а ўвасобіць гэту ідэю ў жыццё дапамагла яго кіраўнік – інспектар па асноўнай дзейнасці ТЦСАН Таццяна Зянонаўна ЯРОТА. Акампаніраваў на гармоніку спявачкам юрысконсульт Міхаіл БАЦЯН.

У канцэртна-віншавальнай праграме былі пазначаны чатыры адрасы. Самаму старэйшаму з ветэранаў Афанасію Несцеравічу Сідараву споўніцца сёлета 98 гадоў. Антон Яўгенавіч Стасяловіч, Аляксандр Іванавіч Кузьменка і Іосіф Іванавіч Гішман – таксама людзі пажылога ўзросту, многія пакінулі свае родныя вёскі і зараз жывуць у дзяцей. Нядзіўна, што песня “Деревня моя…” да слёз растрывожыла душу, абудзіла настальгічныя ўспаміны пра былое, прымусіла прыгадаць тыя часы, калі былі маладымі, дужымі, умелі шчыра працаваць і весела адпачываць. А вось пад “Распрагайце, хлопцы, коні…” і “Дзе мая Маруся” многім, напэўна, хацелася б кінуцца ў скокі. Шкада толькі, што здароўе ўжо не тое.

У той дзень прагучалі не толькі вядомыя песні, але і шмат цёплых віншавальных слоў, пажаданняў у адрас ветэранаў. Ды і само надвор’е не засталося раўнадушным, яно быццам далучылася да агульных віншаванняў, шчодра адорваючы зямлю і людзей сваім святлом і цяплом. Усім без выключэння было зразумела – такія ўвага і павага ветэранам патрэбны.

Тэкст і фота Святланы СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий