У ПАДАРУНАК ЗА СТАРАННЕ – СКУТАР

Официально

Скутар як падарунак за добрасумленнасць і старанне, як прызнанне заслугі чалавека перад калектывам і грамадствам – факт, увасоблены ў жыццё адміністрацыяй Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Галоўная гераіня гэтага невялікага фотасюжэта – фельчар Сугваздаўскага ФАПа і акушэр Дорскага ФАПа Наталля Міхайлаўна Лазянік – па выніках працы за бягучы перыяд 2012 года была прызнана лепшым фельчарам у раёне. Да Дня медыцынскага работніка Наталля Міхайлаўна атрымала ў падарунак ад кіраўніцтва новенькі транспартны сродак айчыннай вытворчасці. Прыемную місію выканаў намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Аляксандр Уладзіміравіч Казыра. Як заўважыў прадстаўнік адміністрацыі медыцынскай установы раёна, гэта не толькі знак павагі да працоўных заслуг чалавека, але і выдатная магчымасць для фельчара яшчэ больш павысіць якасць медыцынскага абслугоўвання сельскага насельніцтва: цяпер да вясковых пацыентаў дабірацца стане зручней і хутчэй.

Сама Наталля Міхайлаўна, якая нядаўна атрымала вадзіцельскае пасведчанне, была прыемна ўражана аказаным гонарам: «Зоны абслугоўвання ФАПаў дастаткова вялікія, таму гэты сталёвы памочнік яшчэ саслужыць добрую службу. Шчыра ўдзячна кіраўніцтву за клопат пра работнікаў, турботы пра пастаяннае паляпшэнне ўмоў працы».

Гэта падзея, відавочна, стане пачаткам новай традыцыі ў сферы медыцынскага жыцця раёна: як заўважыла галоўны ўрач Валожынскай ЦРБ Святлана Здзіславаўна Глебка, цяпер эфектыўная работа кожнага фельчара будзе стымулявацца гэтак жа дастойна.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий