ХРЭСЬБІНЫ Ў ДУБІНЕ

Официально

Напрыканцы чэрвеня ў знакамітую на Валожыншчыне вёску Дубіна ў шосты раз завітала раённае свята гумару “Дубінскія жартачкі”. Паколькі папярэдняе, мінулагодняе, называлася “Вяселле ў Дубіне, то сёлетняе, вядома ж, мела назву “Хрэсьбіны ў Дубіне”, бо ў нашых “маладых” нарадзілася “двойня”.

Усе госці віншавалі “но-ванароджаных” і іх “бацькоў”. Шаноўнымі ж гасцямі свята былі старшыня журы Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі, яго намеснік Анастасія Радзікевіч, пісьменнік, паэт-парадыст Анатоль Зэкаў, супрацоўнік Мінскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра Ірына Архіпава. З творчых калектываў весяліць гасцей прыехалі народны фальклорна-жартоўны гурт ”Цешча” Ратамскага Дома культуры з яго каларытным кіраўніком – артыстам тэатра і кіно Міколам Рабычыным, “радня” з Валожына – народны гурт народнай песні “Сваякі” РЦК і інш.

Госці, прайшоўшы спецыяльную мытню, атрымоўвалі пячатку на руцэ або твары (толькі па жаданні) і накіроўваліся да імправізаваных падворкаў, дзе з вясёлай музыкай, розыгрышамі, песнямі і жартамі іх сустракалі і частавалі рознымі прысмакамі нацыянальнай кухні калектывы мастацкай самадзейнасці клубных устаноў культуры раёна. Тут жа былі аформлены выставы вырабаў народных майстроў і гурткоўцаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гумарыстычныя насценгазеты, разыгрываліся бяспройгрышныя латарэі.

Тэатралізаваную дзею хрэсьбін падрыхтаваў гурт народнага гумару “Дубінскія фанабэры” на чале з кіраўніком Валерыем Мазурам. Вялікая “радня” па чарзе выходзіла на сцэну з вясёлымі жартамі і пажаданнямі, падарункамі віншавала віноўнікаў урачыстасці – “дзетак-двойню”, іх маці і бацьку, ролі якіх выконвалі адпаведна дырэктар Бабровіцкага КСЦ Ларыса Тур і гукааператар аўтаклуба аддзела культуры Юрый Ганчарык. Малеча ў калысцы на працягу ўсяго прадстаўлення то плакала, то смяялася, а то і пахрапвала з прысвістам. Вялікую ўвагу прыцягнуў да сябе персанаж бабкі-павітухі ў выкананні Валянціны Бацян. Яна то раз’язджала на тачцы, то хадзіла пешшу і жартавала з людзьмі, частавала хрэсьбіннымі напоямі і ежай.

Важным момантам на свяце было ўшанаван-не самага маленькага жыхара Дубіны – двухмесячнага Ягоркі Картавенкі і самай старэйшай вяскоўкі – Дамінікі Андрэеўны Сакалоўскай, якой сёлета ў сакавіку споўнілася сто гадоў. Таксама ўшаноўвалі і шматдзетную сям’ю Болвах. Таццяна Міхайлаўна і Юрый Аляксандравіч гадуюць чатырох дзетак. Былі адзначаны і гаспадары лепшых падворкаў – Браніслава Іванаўна і Пётр Пракопавіч Макар, Жанна Антонаўна і Васіль Мікалаевіч Сак, Ірына Віктараўна і Сяргей Дзмітрыевіч Згірскія, а таксама тыя, каму пашчасціла нарадзіцца акурат у гэты дзень: Аіна Дзмітрыеўна Мучынская, Ірына Віктараўна Згірская і Ігар Міхайлавіч Чабай.

Арганізатары і ўдзельнікі свята шчыра ўдзячныя за разуменне і падтрымку “хроснаму бацьку” в. а. дырэктара ААТ “Агра-Дубінское” Г. В. Каспяровічу, “хроснай маці” старшыні раённага Савета дэпутатаў М. А. Іодзе, а таксама в. а. старшыні Узбалацкага сельвыканкама Л. С. Каспяровіч.

Ірына МАНДРЫК,

метадыст РЦК.

Фота Святланы БАБРОВІЧ.

 



Добавить комментарий