Общество

З 1 верасня ліквідуюцца Дубінскі і Вайганаўскі навучальна-педагагічныя комплексы “Дзіцячы сад-базавая школа”. Абодва будынкі будуць выстаўлены на аўкцыён, а школьную маёмасць плануецца размеркаваць па іншых установах адукацыі раёна. У новым навучальным годзе ў раённай сістэме адукацыі застануцца 2 базавыя школы: Сівіцкая і Каменская.

 

На працу ў ДЛГУ “Валожынскі лясгас” у гэтым годзе прыбылі 7 маладых спецыялістаў: інжынер па ахове працы, начальнік лесагадавальніка і 5 майстроў лесу. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа яны былі размеркаваны ў калектывы Валожынскага, Ракаўскага і Румскага лясніцтваў.

 

“За цеплыню сустрэчы” – мерапрыемства пад такой назвай правялі нядаўна настаўнікі Івянецкай СШ сумесна з прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі. На яго былі запрошаны настаўнікі-пенсіянеры, што калісьці працавалі ў Івянецкай і былых Падневіцкай, Раднікоўскай, Пральніцкай і інш. школах. Усе госці атрымалі кветкі, падарункі,  завяршылася свята канцэртам і салодкім сталом.

 

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Гасцінец” Ракаўскага Цэнтра фальклору прыняў удзел у народным свяце “Купалле”, якое праводзілася ў Маскве. Нашы землякі прадставілі на суд замежных гледачоў элементы нацыянальнага купальскага абраду:  купальскія песні, танцы, гульні, тэатралізаваную пастаноўку.

 

Бібліятэчная сістэма раёна даўно і цесна супрацоўнічае з выдавецтвам Беларускага Экзархата. У бліжэйшы час кніжныя фонды бібліятэк папоўняцца 45-цю новымі экзэмплярамі кніг духоўнага, філасофскага, культуралагічнага зместу. Значную колькасць сярод іх складзе літаратура для дзяцей: “Дзецям пра дабро”, “Дзецям пра Хрышчэнне”, “Дзецям пра маму” і інш.

 

Прызёрамі Рэспубліканскага спаборніцтва па стрытболе сярод дзяцей і падлеткаў сталі юнакі і дзяўчаты гімназіі № 1 г. Валожына. Юныя стрытбалісткі, якіх трэніруе І. І. Філістовіч, занялі 2-е месца, саступіўшы толькі мінчанкам, а юнакі, выхаванцы трэнера Л. У. Хвядчэні, падняліся на трэцюю прыступку п’едэстала гонару ўслед за камандамі Мінска і Астраўца.

 



Добавить комментарий