Гасцінна запрасіла абноўленая скарбніца ведаў

Официально

У далёкім васьмідзесятым годзе герой фільма “Масква слязам не верыць” сцвярджаў: “Праз дваццаць гадоў нічога не будзе: ні кніг, ні тэатра, ні кіно…” Але ж мінула ўжо больш за трыццаць гадоў, а ўсё тое, на чым спрадвеку стаяла наша культура, па-ранейшаму не губляе значнасці. Людзі з задавальненнем ходзяць у тэатры, спяшаюцца на кінапрэм’еры, наведваюць бібліятэкі.

Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі на самой справе ўсё больш глыбока пранікаюць у наша жыццё, аднак не наступіў, на шчасце, той час, калі людзі забудуцца і на рыпенне старой сцэны пад нагамі акцёраў, і на таямнічую паўцемру прасторнай кіназалы, і на непаўторны подых сапраўдных кніжных старонак.

Пацвярджаючы гэты факт, нагадваючы аб тым, што бібліятэка па-ранейшаму застаецца і “храмам ведаў”, і “скарбонкай мудрасці” і “аптэкай для душы”, Валожын на мінулым тыдні парадаваў аматараў кнігі адкрыццём раённай дзіцячай бібліятэкі пасля яе пераезду ў новы будынак.

У афіцыйнай частцы прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, валожынскага краязнаўчага музея, праваслаўнай царквы, а таксама Валожынскага РБУ, чыімі намаганнямі будынак набыў свой новы выгляд. Сустракалі гасцей разам з калектывам бібліятэкі яе загадчык Алена Францаўна Сугака і дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна Ірына Міхайлаўна Зянько.

Паважаныя госці абноўленай бібліятэкі гаварылі аб яе высокім прызначэнні, неабходнасці і важнасці падтрымкі ўстаноў культуры, якія з’яўляюцца адной з важных асноў у выхаванні падрастаючага пакалення. Прагучалі словы з пажаданнямі поспехаў у далейшым развіцці і высакароднай справе прывіцця нашым дзецям прагі да ведаў. У адказ гаспадары шчыра падзякавалі за прадастаўленую дапамогу ў рэстаўрацыі будынка, пазнаёмілі прысутных з новымі заламі і пакоямі, цалкам гатовымі прыняць юных чытачоў.

Самай сардэчнай і прыемнай часткай цырымоніі стала выступленне юных удзельнікаў літаратурнага клуба “Кругагляд”, які дзейнічае пры бібліятэцы. Шчыра прачытаныя вершы і праспяваныя песні прымусілі ў замілаванні ўсміхнуцца абсалютна ўсіх прысутных. Цяжка было не звярнуць увагу на тое, наколькі вольна і па-гаспадарску адчувалі сябе юныя кнігалюбы ў светлых пакоях. Лепшай ацэнкі працы тых, хто рамантаваў і прыводзіў памяшканні ў належны стан, і тых, хто рабіў іх утульнымі і зручнымі для чытачоў, цяжка нават уявіць.

Толькі ў снежні 2011 года Валожынскае РБУ распачало працу на аб’екце, а ўжо ў красавіку пачаўся пераезд. Будаўнікі не толькі ператварылі старыя памяшканні ў сучасныя і зручныя, але ж і напоўнілі іх выдатнай мэбляй уласнай вытворчасці. Усяго на рэканструкцыю, рамонт і абсталяванне новай бібліятэкі было выдаткавана каля шасцісот васьмідзесяці мільёнаў рублёў. Гэты факт выразна сведчыць аб тым, наколькі высока ацэньвалася сацыяльная значнасць аб’екта.

Сённяшняя раённая бібліятэка – сапраўдны цэнтр дзіцячай культуры. У якасці чытачоў зарэгістравана каля тысячы дзяцей, падлеткаў ці іх бацькоў. За мінулы год бібліятэкай было выдадзена больш за дзевятнаццаць тысяч экзэмпляраў друкаваных выданняў, фонды ж складаюць каля трынаццаці тысяч асобнікаў. Захоўваюць і ўтрымліваюць гэтае багацце ў належным стане ўсяго чатыры супрацоўнікі на чале з загадчыкам.

Напэўна, праз нейкі час папяровая кніга ўсё ж такі саступіць месца нейкім высокатэхналагічным аналагам. Аднак хочацца верыць, што традыцыйная бібліятэка з яе непаўторнай цішынёй і доўгімі шэрагамі кніжных паліц, якія глядзяць на свет сваімі рознакаляровымі вокладкамі, яшчэ доўга застанецца сімвалам імкнення да ведаў, прагі таямнічага і новага, жадання спасцігнуць невынішчальную мудрасць продкаў.

Андрэй Захаранка.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий