УЛІЛІСЯ Ў ПРАЦУ МАЛАДЫЯ СІЛЫ

Молодежный курьер

Студэнцкія атрады, папулярнасць якіх пачала хутка расці ў апошнія гады па ўсёй краіне, уносяць свой уклад у добраўпарадкаванне роднай зямлі. Сёння на аб’ектах раёна працуюць дзве маладзёжныя каманды, якія займаюцца навядзеннем парадку на валожынскіх могілках і дапамагаюць рэканструяваць малочна-таварную ферму ў вёсцы Забрэззе Гародзькаўскага сельсавета.

Уліліся маладыя сілы ў агульную працу з 4 ліпеня, калі скончыліся апошнія заняткі ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Навінкай гэтага сезона стаў удзел у студэнцкіх атрадах навучэнцаў старэйшых класаў школ. Адпаведны ўказ Прэзідэнта дазволіў разам са студэнтамі працаваць у летні час школьнікам, якія дасягнулі чатырнаццаці гадоў. Гэты ж дакумент устанавіў і найменшую гарантаваную велічыню заработнай платы.

Добраўпарадкаваннем валожынскіх могілак сёння займаюцца васямнаццаць чалавек з атрада “Грэнада», большасць якіх – навучэнцы сельскагаспадарчага ліцэя. Атрад, які існуе ўжо некалькі гадоў, вядомы не толькі ў Валожыне, невыпадкова сярод яго ўдзельнікаў ёсць нават сталічныя хлопцы і дзяўчаты. Студатрадаўцы вынішчаюць высокія бур’яны і выносяць накіданае ў кучы смецце, якое хутка назапашваецца, нягледзячы на наяўнасць спецыяльных кантэйнераў. Працуе атрад па чатыры гадзіны ў дзень – з васьмі да дванаццаці гадзін.

Сам рух будаўнічых студатрадаў з’явіўся даўно. Яго першая хваля сышла разам са знікненнем камсамола, які быў і натхняльнікам, і арганізатарам усяго руху. Тады часовыя маладзёжныя каманды будавалі самыя разнастайныя аб’екты па ўсёй неабдымнай тэрыторыі тагачаснага Савецкага Саюза. Некалькі гадоў таму старая задума атрымала новае жыццё, а сучасная моладзь – магчымасць знайсці новых сяброў і часам нядрэнна зарабіць.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий