ТРЫ НАВІНЫ З АДНОЙ СТАРАНЫ

Общество

Гародзькаўскі сельсавет
1. Старадаўняе летняе свята Купалле адзначылі ў Гародзьках. Калектыў мясцовага сельскага клуба падрыхтаваў для аднавяскоўцаў святочную праграму. Прагучала музыка і песні самых розных жанраў. “Цвіком праграмы” стаў конкурс “Міс Купалінка”, у якім прынялі ўдзел самыя смелыя і прыгожыя дзяўчаты. Нягледзячы на тое, што было толькі чатыры ўдзельніцы, аўтарытэтнаму журы з найбольш паважаных гародзькаўцаў нялёгка было зрабіць выбар. Канкурсанткі радавалі не толькі вока гледачоў сваёй прыгажосцю, але выступілі і з музычнымі нумарамі. У выніку пераможцай была названа Караліна Барахоўская з вёскі Гародзькі.
2. У самым хуткім часе гародзькаўцы чакаюць адкрыцця новай крамы. Рэстаўрацыя будынка, размешчанага літаральна праз дарогу ад дзеючых гандлёвых аб’ектаў, пачалася год таму. За апошнія месяцы новае памяшканне было цалкам прыведзена ў належны стан. Зусім нядаўна пачаўся мантаж гандлёвага абсталявання. Паводле слоў мясцовых жыхароў, яны з энтузіязмам ставяцца да перспектывы з’яўлення яшчэ аднаго магазіна. Людзі спадзяюцца на больш разнастайны асартымент, які будзе адрознівацца ад таго, што традыцыйна прадстаўлена ў вясковых кропках гандлю.
3. У адзін з першых дзён ліпеня на хутары каля вёскі Малое Запруддзе адбыўся музычны фестываль на адкрытым паветры пад назвай “Пікнік”. На працягу многіх гадзін сярод зеляніны валожынскіх краявідаў гучала музыка ў стылях рок, рэгі, фолк, фанк і іншых. А для аматараў футбола нават была арганізавана трансляцыя фінальнай гульні ЕЎРА-2012. Нягледзячы на тое, што падзея рыхтавалася ў большай ступені для сталічных аматараў сучаснай музыкі, значную частку гледачоў і ўдзельнікаў шматлікіх забаўляльных атракцыёнаў склалі жыхары навакольных вёсак. Фестываль “Пікнік” збіраўся на тэрыторыі сельсавета ўжо ў другі раз.
Андрэй ЗАХАРАНКА.



Добавить комментарий