ГАЛОЎНАЕ – ТРЫВАЛАЯ ІДЭЯ…

Общество

15 чэрвеня 2012 года загадам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь ваенным камісарам Валожынскага райваенкамата назначаны падпалкоўнік Ю. В. Нахай. З гэтай нагоды, а таксама каб даведацца пра сённяшнія клопаты і справы ўстановы, перспектывы на будучыню і іншыя моманты ў яе дзейнасці, мы папрасілі Юрыя Вітальевіча даць для газеты інтэрв’ю.

ДАВЕДКА:
Юрый Вітальевіч НАХАЙ нарадзіўся 29 кастрычніка 1973 года ў горадзе Жыткавічы Гомельскай вобласці ў сям’і рабочых. У 1988 годзе скончыў 8 класаў СШ № 1 г. Валожына, вучыўся ў Валожынскім прафтэхвучылішчы № 208. Пасля заканчэння паступіў у Мінскі авіяцыйны тэхнічны каледж грамадзянскай авіяцыі. Пасля поўнага курса быў накіраваны ў БДПА, якую скончыў у 1997 годзе з прысваеннем спецыяльнасці «інжынер-электрамеханік». Праз год прынялі на вайсковую службу, якую праходзіў у воінскай часці 30695 на пасадах ад камандзіра ўзвода да начальніка штаба асобнага вузла. З 31 мая 2010 года Юрый Вітальевіч служыць у Валожынскім райваенкамаце.
Жанаты, мае дзвюх дачок.
– Юрый Вітальевіч, дзень Вашага назначэння якраз супаў з 68-годдзем з дня фарміравання Валожынскага раённага ваеннага камісарыята Мінскай вобласці. Прыемна было далучыцца да святкавання юбілейнай даты ў новым званні і на новай пасадзе?
– Вядома ж! У гэтае свята палічыў за двайны гонар афіцыйна ўзначаліць асабовы састаў, які дастойна выконвае ўсе пастаўленыя задачы. А яны, трэба адзначыць, вельмі і вельмі немалазначныя. Наш ваенкамат у глабальным маштабе забяспечвае абароназдольнасць краіны і падтрымлівае мабілізацыйную гатоўнасць Узброеных Сіл. На нас таксама ўскладзены абавязкі па арганізацыі тэрытарыяльнай абароны раёна, вядзём ваенна-мабілізацыйную і ўлікова-прызыўную работу. Вялікае значэнне надаецца ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, а таксама сацыяльнай абароне ваеннаабавязаных і іх сем’яў. Як бачыце, склаўшы рукі сядзець не даводзіцца.
– У дзяцінстве мы ўсе марылі стаць касманаўтамі, першаадкрывальнікамі, набыць гучнае імя ў якой-небудзь рамантычнай прафесіі… Відавочна, маленькі Юра ўяўляў сябе ў вайсковай форме?
– Якраз-такі і не (смяецца). Маленькі Юра рос і асаблівых планаў на будучыню не будаваў. Але яму пашчасціла нарадзіцца ў той час, калі служба ў арміі стала сапраўды запатрабаванай і прэстыжнай. І гэта ўрэшце стала вырашальнай вяхой у абранні прафесіі. Зразумела, служыць было нялёгка, але я заўсёды бачыў у гэтым пэўныя станоўчыя моманты. Армія адкрыла мне шлях у жыццё, навучыла быць дысцыплінаваным, сабраным, умець трымаць адказ за свае ўчынкі. Не сакрэт і тое, што кожны ваенны менавіта дакладным выкананнем абавязкаў куе сабе кар’еру… У выніку і стаў тым, хто я ёсць.
– Таварыш падпалкоўнік, падзяліцеся, што ў прыярытэтах дзейнасці даверанага Вам калектыву сёння?
– Вядзём вялікую інфармацыйную кампанію для выпускнікоў школ і тых, хто рыхтуецца да выпуску. Тлумачым, як і калі можна паступіць на ваенныя спецыяльнасці вышэйшых навучальных устаноў краіны, даём дэталёвую інфармацыю пра Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, роля якіх у жыцці грамадства цяперашнім часам значна ўмацавалася. Працуем з прызыўнікамі. У дадзены момант тэрміновую службу ў розных воінскіх фарміраваннях краіны праходзяць каля 30 нашых з вамі землякоў, не за гарамі і восеньскі прызыў. Плануецца, што падчас яго адбудзецца набор і на службу ў рэзерве. Летась, напрыклад, было 7 такіх навабранцаў – усе з вышэйшай адукацыяй. Нашы спецыялісты сур’ёзна працуюць з ветэранамі Узброеных Сіл, афіцэрамі запасу. Ідэя такая: гэтыя людзі пасля звальнення не павінны застацца сам-насам са сваімі праблемамі. Раённая арганізацыя Беларускага Саюза афіцэраў, што дзейнічае пры ваенкамаце, напрыклад, максімальна клапоціцца аб іх сацыяльнай абароненасці, пры неабходнасці дапамагае знайсці работу. У большасці выпадкаў афіцэры застаюцца ў воінскіх часцях, але, здараецца, і ў народнай гаспадарцы знаходзяць свайму вопыту дастойнае прымяненне.
Акрамя таго, існуе і шэраг іншых абавязкаў, звязаных з захаваннем народнай памяці пра падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны, пошукам і ўшанаваннем імёнаў загінуўшых. А яшчэ, вобразна кажучы, мы ў нейкай ступені дапамагаем гасіць небяспечнае «рэха» тых крывавых часоў…
– Гэта як? Падрабязней, калі ласка…
– Не было яшчэ такога года, каб мірныя жыхары Валожыншчыны не спаткаліся выпадкам з «адгалоскамі» ліхалецця ў выглядзе авіябомбы, снарада альбо міны, якія, не выбухнуўшы, праляжалі ў зямлі прыкладна 70 гадоў. Такія надзвычай небяспечныя знаходкі, у асноўным, робяцца падчас сельскагаспадарчых работ на ворыўных палях і ў агародах. Тут сумесна з іншымі зацікаўленымі структурамі ўключаемся ў работу і мы. Занатоўваем, класіфікуем – і запрашаем сапёрна-піратэхнічную групу, якая знішчае боепрыпас. З кожным такім выпадкам на адну магчымую трагедыю становіцца менш…
– І часта даводзілася прымаць падзякі за такую шматгранную працу?
– Найлепшая падзяка – чыёсьці ўратаванае ад іржавых асколкаў жыццё, трывалае паступленне маладога чалавека на ваенную спецыяльнасць, выдатная служба колішняга прызыўніка… Але здараецца і інакш. Нядаўна райваенкамат атрымаў сапраўды бясцэнны падарунак ад аднаго з нашых вялікіх сяброў – мясцовага краязнаўца, гісторыка і даследчыка Мечыслава Францавіча Новака. Гэты няўрымслівы чалавек доўга адшукваў звесткі пра Валожыншчыну ў час вайны, з розных крыніц, у тым ліку і з нашага архіва, старанна выяўляў і занатоўваў імёны тых, хто, часам і цаной уласнага жыцця, набліжаў светлы час Перамогі. Вынікам карпатлівай працы стала кніга «Удзячнасць і павага ветэранам Вялікай Айчыннай вайны», адзін з экзэмпляраў якой Мечыслаў Францавіч перадаў нам. Шчыра ўдзячны шаноўнаму навукоўцу!
– Што ў бліжэйшых перспектывах, Юрый Вітальевіч?
– Праца, праца і яшчэ раз праца, безумоўна. Упэўнены, яна будзе актуальнай і паспяховай: асабовы састаў ваенкамата даўно ўзяў за традыцыю вырашаць пытанні сумесна. Вядома, іншы раз недзе блыталіся, дзесьці штосьці перараблялі… Але ў гэтым і ёсць сутнасць шчырай, вернай, бескарыслівай узаемадапамогі. А гэта, калі ўдумацца, адна з цэнтральных агульначалавечых ідэй.
– Шчырае дзякуй за размову.
Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий