АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА ЛІПЕНЬ 1967 ГОДА

Культура

«КАНСЕРВЫ» З КАНЮШЫНЫ
У 2-й паляводчай брыгадзе сельгасарцелі імя Суворава сёлета ўпершыню практыкавалі прыгатаванне сенажу – вітаміннага сіласу з канюшыны.
Для гэтага свежаскошаную канюшыну правялілі, давёўшы ўтрыманне вільгаці ў ёй да 48 %. Зялёную масу здрабнілі і засыпалі ў сіласную яму. Утрамбавалі, закрылі сінтэтычнай плёнкай і засыпалі зямлёй. Усяго для статка, што знаходзіцца на першай жывёлагадоўчай ферме, закансервавана 20 т канюшыны.6.
ПАМЯТНАЯ ЎРАЧЫСТАСЦЬ
Надоўга запомніцца гэты дзень выпускнікам Валожынскай школы рабочай моладзі. Ва ўпрыгожанай кветкамі, маладымі бярозкамі актавай зале сабраліся былыя дзесяцікласнікі, педагогі, грамадскасць горада.
Урачысты вечар адкрывае дырэктар школы Н. Ф. Наквас. Зачытваецца рашэнне педагагічнага савета аб уручэнні выпускнікам пасведчанняў аб сярэдняй адукацыі. Пад гукі аркестра 38 юнакоў і дзяўчат атрымліваюць атэстаты. А 8-мі лепшым уручаюцца Ганаровыя граматы за добрую вучобу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і выдатныя паводзіны. Сярод узнагароджаных маладыя будаўнікі М. Рамановіч і Т. Казлоўская, работнікі райсабеса А. Каваль, А. Макей і інш.
ФАБРЫКА МЯСА
Звыш 370 галоў свіней знята з адкорму ў сельгасарцелі “Чырвоны сцяг”. Кожная ў сярэднім вагой па цэнтнеру.
Цяпер на адкорме ўтрымліваюцца 453 галавы свіней. Штодня кожны адкормачнік прыбаўляе ў вазе звыш 400 г. Для таго каб свінаферма стала сапраўднай фабрыкай мяса, нямала старання прыкладваюць свінаркі В. Шалай, В. Гаспер, Б. Смольская. З душой працуюць падвозчыкі кармоў А. Фурс і І. Шалай.
ЁСЦЬ ДЗЕ АДПАЧЫЦЬ
У сельгасарцелі “17 верасня” намечаны вялікія планы па культурна-бытавому будаўніцтву. Яны паспяхова ператвараюцца ў жыццё.
Добры падарунак атрымалі хлебаробы вёсак Нарэйшы і Маршалкі. Тут пабудаваны брыгадныя клубы. З радасным настроем заходзяць сюды людзі. Асабліва задаволены работай клуба калгаснікі вёскі Маршалкі. Загадчыца клуба Л. Пракаповіч падтрымлівае тут узорны парадак. Яна прыгожа аформіла памяшканне, напісала лозунгі, падрыхтавала стэнды. У клубе многа газет і часопісаў. Прыгожа і ў двары: на клумбах цвітуць кветкі, на валейбольнай пляцоўцы гуляе моладзь. Перад хлебаробамі брыгады часта выступаюць і самадзейныя артысты.
ПАСЛЯ ВЫСТУПЛЕННЯ ГАЗЕТЫ
“Пад ляжачы камень…” Пад такім загалоўкам у маі ў газеце быў змешчаны артыкул. У ім гаварылася аб дрэннай рабоце магазіна ў вёсцы Жураўцы. Заўмаг В. Ляўковіч не клапаціўся аб тым, каб задавальняць попыт на тавары першай неабходнасці.
Старшыня праўлення Вішнеўскага сельпо П. Далінкевіч паведаміў, што артыкул абмеркаваны і што факты адпавядаюць рэчаіснасці. На загадчыка магазіна В. Ляўковіча накладзена спагнанне. Пры паўторным выяўленні падобных з’яў да заўмага будуць прыняты самыя строгія меры. Недахопы ў гандлі ліквідаваны, цяпер ёсць памяшканне і для продажу газы. Выдзелена аўталаўка, каб забяспечваць таварамі жыхароў вёсак Баркі, Буні і інш.
З КАРЫСЦЮ
12 гадоў назад Брылькоўскай васьмігадовай школе калгас выдзеліў 2,5 га зямлі. На ўчастку пасадзілі больш за 100 пладовых дрэў і каля 500 кустоў парэчак, агрэсту.
У мінулым годзе сабралі каля 3 т яблыкаў, шмат ягад. Была вырашчана і добрая бульба. Нядрэнна ўрадзілі і збожжавыя – жыта, пшаніца, ячмень. 1300 рублёў прыбытку прынёс школе сабраны ўраджай. А вучні старэйшых класаў зноў працягваюць знаёміцца з асновамі агранаміі на пасадцы і доглядзе пладовых дрэў, пры ўнясенні ў глебу ўгнаенняў, назіранні за развіццём збожжавых культур. Усё гэта садзейнічае павышэнню ведаў па біялогіі. А прыбытак з участка дазваляе штогод выдзяляць пэўныя сродкі на харчаванне вучняў у школе.
ІНІЦЫЯТЫВА
СЕЛЬСКАГА КАМІТЭТА
Вёска Татары нічым не адрознівалася ад іншых населеных пунктаў Залескага сельсавета. Жыхары яе – калгаснікі сельгасарцелі “Бальшавік” – працалюбівыя людзі. Аднак на вясковы быт мала звярталі ўвагі.
Гэта пытанне было вынесена на вясковы сход. Аказалася зусім не складана ўтрымліваць вуліцу ў чысціні, адрамантаваць плот, студню. Па ініцыятыве сельскага камітэта наводзіцца чысціня на вуліцах і дварах. Праведзена азеляненне вёскі. У састаў камітэта абраны ўчотчык М. Бабровіч, палявод М. Брысь, токар Я. Васілеўскі, трактарысты К. Сарока і В. Ліхтаровіч.
ПА ПРАЦЫ – ПАВАГА
Любіць сваю працу А. А. Янчык. А яна важная – лячыць жывёлу. Тут патрэбны і веды, і цярпенне. А гэтага ветфельчару не пазычаць. Ён уважліва адносіцца да сваіх “пацыентаў”.
Добра адзываюцца ў сельгасарцелі імя Гастэлы аб ветэрынарным спецыялісце, які ў любы час, калі гэта спатрэбіцца, прыходзіць на дапамогу.
ПАСПЯХОВА ВЫКОНВАЕ
АБАВЯЗАЦЕЛЬСТВА
Даярка Дварэцкай малочнатаварнай фермы Вера Гардзей дала слова надаіць сёлета 1800 кг малака ад кожнай каровы.
За шэсць месяцаў бягучага года яна атрымала па 1098 кг. Сваё абавязацельства даярка выканае датэрмінова.

ПАМОЧНІКІ
З першых дзён летніх канікул многія вучні сталі прыходзіць на брыгадныя двары сельгасарцелі “Чырвоны сцяг”. Калгаснікі і кіраўнікі брыгад прыхільна сустрэлі сваіх добраахвотных памочнікаў.
Асабліва вялікую дапамогу паляводам аказваюць вучні ў доглядзе бульбы. Настала пара акучваць маладыя расліны. І з ранку да вечара на бульбяных плантацыях можна бачыць юных аратых з лёгкімі плугамі. Добра папрацавалі А. Козел, І. Дудар, В. Грыбаў і інш.
МЕХАНІЗАТАР
ПАВЫШАЕ НАДОІ
Адказная справа даручана Расціславу Балашку. Ён нарыхтоўвае зялёную падкормку для малочнага статку.
Кожны дзень механізатар выводзіць агрэгат КІР-1,5 на тарфянікі, дзе пасеяны травасумесі. Шафёры і трактарысты ледзь паспяваюць адвозіць здробненую сакавітую масу на фермы. Не менш за 20 т выдатнага корму нарыхтоўвае ён штодзённа. І ў тым, што сутачны надой ад каровы цяпер дасягнуў 12-13 кг малака, ёсць заслуга і механізатара.
ІДУЦЬ У ДАРОГУ ПАШТАЛЬЁНЫ
16 населеных пунктаў абслугоўвае Сакаўшчынскае аддзяленне сувязі. Кожную раніцу збіраюцца ў гэты новы прыгожы будынак паштальёны. Іх сем – працавітых людзей, улюбёных у сваю прафесію.
Па шырокай вуліцы ідзе Іосіф Матус. Ён спыняеццца то каля аднаго, то каля другога дома, уручае жыхарам карэспандэнцыю. 19 год І. Матус працуе паштальёнам. Раней у Сакаўшчынскае і Адамоўскае аддзяленні сувязі ішло ўсяго 700-800 экзэмпляраў газет. Сёння толькі на Сакаўшчынскае іх паступае 2605. Кожная сям’я атрымлівае не менш за два перыядычныя выданні, сярод якіх “Мінская праўда”, “Сельская газета”, “Працоўная слава” і інш.
МОВАЙ ФАКТАЎ
ФІРМЕННУЮ СТРАВУ рыхтуюць у рэстаране гарадскога спажывецкага таварыства, і называецца яна “Смакі валожынскія”. Наведвальнікі даюць высокую ацэнку харчовым якасцям стравы. Яна карыстаецца вялікім попытам.
ПА БЯСПЛАТНАЙ ПУЦЁЎЦЫ папраўляла сваё здароўе ў санаторыі “Крыніца” (пад Мінскам) пераплётчыца друкарні Валянціна Глябовіч. Такую ж пуцёўку атрымала і лінатыпістка Зінаіда Журкевіч.
АЎТАМАТЫ-ПРАДАЎЦЫ ўстаноўлены ў памяшканні аператыўнай залы раённага вузла сувязі. Яны адпускаюць пакупнікам паштоўкі і канверты. Трэба толькі апусціць манету, і маляўніча аформлены канверт ці паштоўка ў вашых руках.
АДДЗЕЛ ПРАКАТУ адкрыўся ў раённай аптэцы. Жыхары горада могуць узяць тут па недарагіх цэнах на любы тэрмін самыя розныя прадметы догляду хворых.
ЗАВЯРШАЕЦЦА поўная электрыфікацыя раёна. З мэтай паляпшэння энергазабеспячэння да канца года будзе рэканструявана 300 км нізкавольтных ліній электраперадач.
НОВЫ ЦЭХ перапрацоўкі драўніны ўзведзены ў лясгасе. Яго вытворчыя магутнасці дазваляюць утрая павялічыць выпуск прадукцыі.
КІНАЛЕКТОРЫЙ працуе пры Каменскім сельскім клубе. Тут перад пачаткам сеансаў члены пярвічнай арганізацыі Таварыства “Веды” чытаюць лекцыі на разнастайныя тэмы.
З РАНІЦЫ ДА ВЕЧАРА поўніцца звонкімі дзіцячымі галасамі маляўнічае ўрочышча “Андрывонж” (непадалёк Вішнева). Тут на працягу трох тыдняў працуе другі па ліку ў нашым раёне піянерскі лагер “Церамок” – малодшы брат Сакаўшчынскага “Арлёнка”.
ТЫПОВАЯ ЛАЗНЯ ў Валожыне прыняла 21 ліпеня першых наведвальнікаў. Размясцілася яна па вуліцы Школьнай, аздобіўшы знешні выгляд паўднёвай часткі горада.
НОВЫ ТРОХПАВЯРХОВЫ ЖЫЛЫ ДОМ у райцэнтры хутка прыме 24 сям’і. Тут створана шмат зручнасцей для жыльцоў.
ПУНКТ ТЭХНІЧНАГА АБСЛУГОЎВАННЯ аўтамашын і трактароў адкрыты пры раённым аб’яднанні “Белсельгастэхніка”. Тут добрыя ўмовы для работы механізатараў. У новай майстэрні тэхнічны догляд машын таксама праводзяць шафёры і трактарысты сельгасарцелей “Перамога”, “Чырвоная гвардыя”.
ДОБРА Ў СПЯКОТНЫ ДЗЕНЬ з’есці порцыю марожанага. Рабочыя галаўнога масласырзавода стараюцца ў летнія дні вырабляць яго як мага больш. На 110-115 працэнтаў выконвае штодзень свае зменныя нормы рабочая цэха марожанага М. А. Бубневіч.
Старонкі газеты гартала
Святлана СУХАДОЛЕЦ.



Добавить комментарий