ПРАЦУЕМ ВА ЎЗМОЦНЕНЫМ РЭЖЫМЕ

Общество

На дварэ – сярэдзіна лета. Пачалася самая адказная для хлебаробаў сельскагаспадарчая кампанія – уборка зерневых і зернебабовых культур. Аднак важна ураджай не толькі ўбраць, але і захаваць. Якую дапамогу аказвае ў час жніва гаспадаркам раёна аддзел па надзвычайных сітуацыях і як гатова служба да гэтага адказнага перыяду, расказвае начальнік аддзела Алег Іванавіч СКАДОРВА:
– Зараз гарачая пара не толькі для хлебаробаў, але і для супрацоўнікаў нашага райаддзела. Вельмі важна, каб уборачная кампанія прайшла без надзвычайных здарэнняў, ні ў якім разе не пацярпелі ні тэхніка, ні сабраны ўраджай, ні самі работнікі. Таму на перыяд уборачнай увесь асабовы састаў аддзела пераведзены на нясенне службы ва ўзмоцненым рэжыме. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пажарнай бяспецы” за пажарную бяспеку ў гаспадарках адказваюць іх кіраўнікі. Мы ж як наглядны орган праводзім прафілактычныя мерапрыемствы, даводзім патрабаванні, арганізуем дзяжурствы. Вопыт мінулых гадоў паказаў, што толькі сумеснымі намаганнямі: кіраўніцтва гаспадарак, супрацоўнікаў РАНС, інжынера па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама можна дабіцца станоўчых вынікаў. На семінары па ўборцы, які праводзіўся два тыдні таму на базе ААТ “Багданаўскае”, усім кіраўнікам былі даведзены асноўныя патрабаванні па пажарнай бяспецы ў час жніва. Закраналася гэта пытанне і на апошнім пасяджэнні райвыканкама. Для кожнай гаспадаркі раздрукавана своеасаблівая памятка па пажарнай бяспецы. Пад роспіс праводзіцца інструктаж кожнага работніка гаспадаркі, які задзейнічаны на жніве. А гэта не толькі механізатары і вадзіцелі, але і работнікі зернесушыльных комплексаў, зернесховішчаў і інш. Работа па інструктажы амаль завершана. Загадам начальніка РАНС за кожнай гаспадаркай замацаваны супрацоўнік райаддзела. У час уборачнай штодня да 11.00 ён перадае на наш пульт аператыўнага кіравання, на якім полі працуюць камбайны і як яны забяспечаны сродкамі пажаратушэння. Недахопы пастараемся адразу ліквідаваць.
Сёлета на палетках будуць суправаджаць групы камбайнаў 8 пажарных аўтацыстэрн райаддзела, магчыма, задзейнічаем і аўтацыстэрны Валожынскага лясгаса. Ёсць свая прыстасаваная тэхніка для тушэння пажараў у КСУП “Сугвазды-Агра”, ААТ “Агра-Вішнеўскі”, ААТ “Агра-Дубінское”, вытворчым участку ААТ “Тарасава” ў Ракаве. Згодна з патрабаваннямі на кожным камбайне павінны быць не менш за 2 вогнетушыцелі, скрыня з пяском, лапата, кашма, на зернесушыльных комплексах, на складах – не менш за 3 вогнетушыцелі, бочка з вадой, вёдры. Акрамя таго, неабходна абсталяваць месцы для курэння, арганізаваць своечасовую ачыстку электраабсталявання ад пылу, саломы, паклапаціцца, каб на гэтых аб’ектах не складзіравалі смецце, у прыватнасці, бітае шкло.
Цалкам забяспечаны першаснымі сродкамі пажаратушэння і вогнетушыцелямі тэхніка і аб’екты КУП “Сівіца”, ААТ “Агра-Вішнеўскі”, філіяла № 7 ААТ “Белтрубаправодбуд”, ААТ “Багданаўскае”, ААТ “Лоск”, МАУП “Падбярэззе”. На жаль, не ўсе гаспадаркі падрыхтаваны да жніва належным чынам. Па-ранейшаму шмат праблем у КСУП “Сакаўшчына-агра”, ААТ “Суднікоўскі”, УП “Івянецкая крыніца”. Яны ўзяты на асаблівы кантроль.
Матэрыял да друку падрыхтавала
Святлана СУХАДОЛЕЦ.



Добавить комментарий