МАЙСТРЫ НА ЎСЕ РУКІ

Общество

Лета – гарачы час для работнікаў тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Менавіта ў гэту пару года многія паслугі цэнтра карыстаюцца найбольшым попытам у пажылых людзей. Абкасіць прыдамавую тэрыторыю, адрамантаваць печ, распілаваць бервяно на дровы, апалоць градкі, закатаць у слоікі агуркі, абабраць з кустоў ягады, ды і яшчэ шмат чаго іншага хутка і якасна могуць зрабіць работнікі аддзяленняў сацыяльнай дапамогі на доме і тэрміновай сацыяльнай дапамогі.

Каб задаволіць патрэбы сваіх падапечных, кожны дзень спяшаюцца яны па звыклых адрасах. Каго можна сустрэць “пад кустом”, а каго ў гародзе, на сенажаці, у пуні…

Даволі папулярнай сярод вясковага насельніцтва стала паслуга па рамонце пячнога ацяплення. Скласці новую печ каштуе зусім нятанна, а вось адрамантаваць старую – многім па кішэні. На сённяшні момант рамонт праведзены ўжо ў 31 доме. Найбольш пашанцавала ў гэтым сэнсе жыхарам івянецкай зоны. Сацыяльны работнік Іосіф Пупко, які абслугоўвае вёскі Проўжалы, Станюшкі, Раднікі, Падсады і Загорцы, адначасова можа і печ давесці да ладу – мае адпаведную кваліфікацыю. 20 мільёнаў рублёў з бюджэту было выдзелена сёлета на замену няспраўнай і старой электраправодкі і ўстаноўку АПІ. Такая паслуга аказана 22 чалавекам. Сацыяльныя работнікі могуць зрабіць і бягучы рамонт памяшкання. Напрыклад, паклеіць шпалеры або пафарбаваць столь, падлогу, дзверы. У гэтым годзе 140 чалавекам ужо зроблены рамонт сваімі сіламі. Ёсць у ТЦСАН свае газонакасілка і бензапіла. Тут не абысціся без мужчынскай сілы, тады за справу бярэцца работнік аддзялення тэрміновай сацыяльнай дапамогі Віктар Насовіч. Толькі такія паслугі ў абавязковы пералік работ не ўваходзяць і за іх трэба дадаткова плаціць (адна сотка каштуе 21000 рублёў, адзін кубічны метр – 21300 рублёў). Аднак і касілка, і піла ўсё роўна карыстаюцца папулярнасцю. Абкасіць двор пажадалі 16 чалавек, нарыхтаваць дровы да новага ацяпляльнага сезона – пакуль толькі 9. Сумесна з райпалівазбытам ужо забяспечаны палівам 947 чалавек, з іх 152 – адзінокія. На гэта выдаткава 38,9 мільёна рублёў са сродкаў мясцовага бюджэту і фонду сацабароны.

Спецыялісты цэнтра раз у квартал аказваюць паслугі і праз дамы сацыяльных паслуг, што знаходзяцца ў аддаленых населеных пунктах і размешчаны на базе зачыненых ФАПаў, іншых пустуючых будынкаў. Іх у раёне налічваецца 24. У першым паўгоддзі было арганізавана 48 такіх выездаў. Да састарэлых людзей наведваюцца ўрачы, фармацэўты, землеўпарадкавальная служба і нават артысты. Такім спосабам ім дастаўляецца і гуманітарная дапамога.

Сёлета за 6 месяцаў сацыяльныя работнікі аказалі грамадзянам 453171 паслуг розных відаў, у тым ліку платных – 387891. Праз дамы сацыяльных паслуг атрымана 3223 адзінкі розных паслуг. Усяго зароблена 154,3 мільёна рублёў.

Сёння на надомным абслугоўванні аддзялення знаходзяцца 1888 адзінокіх і адзінока пражываючых людзей. Бясплатна абслугоўваюцца 207 з іх, астатнія – па сацыяльна зніжаных цэнах. Надомным абслугоўваннем ахоплена 300 населеных пунктаў раёна.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий