СМЕХ І ГУМАР – ДУБІНСКІ БРЭНД

Общество

Уволю насмяяцца і павесяліцца, пакаштаваць “рагатухі” і салбургераў змаглі ўсе, хто нядаўна пабываў на Рэспубліканскім фестывалі народнага гумару, які ў сёмы раз праходзіў у вёсках Малыя і Вялікія Аўцюкі Калінкавіцкага раёна на Гомельшчыне. У сталіцы беларускага гумару, а менавіта так зараз называюць гэтыя вёсачкі, пабывалі і нашы землякі – ужо добра вядомы валожынцам гурт “Дубінскія фанабэры”, што існуе пры Дубінскім сельскім клубе.

Сярод 250 удзельнікаў, а тут былі не толькі прадстаўнікі з розных куткоў Беларусі, але і расіяне, украінцы, нашы артысты, дарэчы, як і заўсёды, не засталіся не заўважанымі. Гурт “Дубінскія фанабэры” стаў лаўрэатам у намінацыі “Лепшы калектыў Рэспубліканскага фестывалю “Аўцюкі-2012”. У падарунак яны атрымалі сучасны тэлевізар і запрашэнне паўдзельнічаць у фестывалі гумару ў горадзе Прылукі Чарнігаўскай вобласці, які адбудзецца там сёлета ў верасні. Прыемна было атрымаць і своеасаблівы падзячны ліст ад членаў журы з іх подпісамі. Лепшым у намінацыі “Выпечка “Салодкая скульптура” таксама быў прызнаны кулінарны “шэдэўр” нашых землякоў пад назвай “Маёнтак Дубіна”, які спякла Ганна Імпалітаўна Ганчарык. Яна атрымала ў падарунак камплект пасцельнай бялізны.

Святлана СУХАДОЛЕЦ

 



Добавить комментарий