ІНФАЦЭНТРУ – ІНФАРМАЦЫЮ

Общество

На мінулым тыдні на Мінскай абласной спартыўна-аздараўленчай базе “Галактыка” прайшла рабочая сустрэча па распрацоўцы стратэгіі дзейнасці Інфармацыйнага цэнтра.
Гэты цэнтр, асноўнай задачай якога з’яўляецца інфармацыйная, кансультацыйная, асветніцкая, праектная, арганізацыйная і каардынацыйная дзейнасць у сферы ўстойлівага развіцця аграэкатурызму і сельскага прадпрымальніцтва, быў створаны 30 красавіка бягучага года ў выніку падпісання дамовы аб супрацоўніцтве паміж Інфармацыйна-асветніцкай установай “Новая Еўразія”, Валожынскім райвыканкамам і “Галактыкай”. А яго каардынатарам стала дырэктар “Галактыкі” Вольга Уладзіміраўна Каляда.
Інфацэнтр створаны ў рамках рэалізацыі праекта “Умацаванне грамадскага ўзаемадзеяння для ўстойлівага развіцця сельскіх рэгіёнаў Беларусі”, зарэгістраванага ў пачатку 2011 года Мінэканомікі. Такія цэнтры ўжо ёсць у некаторых рэгіёнах вобласці і рэспублікі. Прыемна, што ў нашым раёне, які з’яўляецца адным з пілотных у Беларусі па развіцці аграэкатурызму, ён зараз таксама ёсць. Важна толькі правільна акрэсліць і канкрэтызаваць накірункі работы. Менавіта пра гэта і гаварылася ў час сустрэчы, у якой прынялі ўдзел кіраўніцтва райвыканкама і Ракаўскага сельвыканкама, прадстаўнікі “Новай Еўразіі” і аграсядзіб, пашпартна-візавай і прыродаахоўнай службаў, аддзелаў фізічнай культуры, спорту і турызму, адукацыі, культуры, медыкі і камунальнікі раёна. Відавочна, што толькі дзякуючы ўмацаванню партнёрства паміж мясцовай уладай і недзяржаўнымі структурамі можна развіваць наш рэгіён на больш высокім узроўні. Інфацэнтр павінен сабраць, акумуліраваць усю інфармацыю пра нашы турыстычныя і іншыя аб’екты з мэтай далейшага прасоўвання іх паслуг, стварыць адзіную інфармацыйную сетку, інфармацыйны банк даных, а менавіта таму да гэтага падключаны ўсе службы. На жаль, у інфацэнтра пакуль няма ўласнага сайта, аднак найбольш важная, аператыўная інфармацыя будзе размяшчацца на старонцы аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму, што на сайце райвыканкама. У сваю чаргу раённыя службы сваю інфармацыю могуць адпраўляць па электроннай пошце: info_Galaktika@tut.by.
Рабочая сустрэча праходзіла на тэрыторыі Ракаўскага сельсавета. Тут зарэгістравана найбольшая колькасць аграсядзіб у раёне. Тут створаны і інфацэнтр. Таму Ракаў павінен стаць візітнай карткай раёна, адпавядаць усім патрабаванням айчынных і замежных турыстаў. Зараз першараднай задачай стаіць зрабіць сучасны інфармацыйны стэнд на пад’ездзе да “Галактыкі”, указальнікі да іншых турыстычных аб’ектаў, добраўпарадкаваць тэрыторыю. У хуткім часе будуць выпушчаны і інфармацыйныя буклеты, постэры. А гэта перш-наперш цікавая інфармацыя пра рамеснікаў і майстроў, прыватных прадпрымальнікаў і прадпрыемствы, творчыя калектывы, турыстычныя маршруты і рознага віду паслугі. Будзе ўдакладнены і адзіны каляндар святаў і мерапрыемстваў у раёне на год, распрацаваны адзіны лагатып аб’ектаў сельскага турызму, пройдуць тэматычныя семінары і майстар-класы.
Папярэднічала рабочай сустрэчы выстава-продаж прадукцыі рамеснікаў і прэзентацыя аб’ектаў аграэкатурызму раёна, якая праходзіла ў “Галактыцы” на адкрытай пляцоўцы. Тут на свае вочы можна было пабачыць і нават набыць некаторыя вырабы.
Святлана СУХАДОЛЕЦ.



Добавить комментарий