БАЦЬКАЎШЧЫНУ СЛАВІЦЬ САМАБЫТНАЙ КНІГАЙ…

Официально

Часта на вуліцах райцэнтра можна сустрэць пажылога мужчыну з кійком у руках, які сярод іншых валожынцаў вылучаецца зайздроснай для яго веку рухавасцю і бадзёрасцю. Гэта Мечыслаў Францавіч Новак – педагог, выдатнік народнай асветы БССР, краязнавец, публіцыст… Куды ён спяшае? Напэўна, зноўку няўрымслівага і па-сапраўднаму ўлюбёнага ў родную Валожыншчыну чалавека чакае карпатлівая праца ў архівах райвыканкама, раённага краязнаўчага музея або ў цэнтральнай раённай бібліятэцы…

Па-добраму здзіўляеш-ся, калі даводзіцца пагутарыць з ім. Зайздросціш яго вопыту, багатым ведам пра гісторыю роднага краю, уменню адшукваць у акіяне падзей факты, аналізаваць, супастаўляць іх – каб потым далучыць яшчэ адну крупінку мінуўшчыны да аб’яднанага ў шасці нарысах фундаментальнага летапісу Валожынскай зямлі. Між іншым, нястомнае пяро Мечыслава Францавіча і сёння кладзе роўныя радкі дробнага, акуратнага почырку на стосы аркушаў – рыхтуецца ўбачыць свет яшчэ адна краязнаўча-гістарычная кніга. Але пра гэта – крыху пазней.

Рух і творчасць даўно сталі для М. Ф. Новака паняццямі непадзельнымі, ператварыліся ў аснову жыцця за шэсць дзясяткаў гадоў, упісаных у працоўную біяграфію… Мой субяседнік перакананы: каб тварыць, трэба рухацца – прычым гэта тычыцца не столькі фізічных дзеянняў (хоць і тут, заўважу, з чалавека можна браць прыклад і больш маладым гараджанам), колькі боку духоўнага, інтэлектуальнага. І Мечыслаў Францавіч шчыра рады, што яго грунтоўная спадчына пераходзіць у дапытлівыя рукі нашчадкаў, што ўсё больш і больш людзей цікавяцца працамі краязнаўца, чэрпаюць адтуль новыя, невядомыя ім раней звесткі. Не можа быць падзякі лепшай для пажылога педагога!

Шчодрай ніве народ-най асветы герой сённяшняга аповеду прысвяціў практычна ўсё жыццё. Яшчэ ў басаногім дзяцінстве ён ведаў, што будзе настаўнікам – прадстаўніком адной з самых паважаных прафесій ва ўсе часы. Ад ранку да вечара завіхаўся па гаспадарцы, з усіх сваіх дзіцячых сіл дапамагаючы бацькам накарміць сям’ю і марыў, як будзе перадаваць веды такім жа, як сам, мальцам… Як прыгадвае мой паважаны субяседнік, такая сумесная плённая праца давала добрыя плады. Хоць асаблівага багацця Новакі і не нажылі, але і галадаць не даводзілася. Да таго ж бацька Мечыслава Францавіча ў вольны ад сялянскіх клопатаў час прафесіянальна займаўся сталярнай справай і быў вялікім прафесіяналам, ці, як тады казалі, майстрам-чырванадрэўшчыкам. Раз-пораз перападалі заказы на ручную мэблю з каштоўных парод, бывала, наймаўся па дагаворы на будаўніцтва ваенных гарадкоў…

Тым і жылі, пакуль не прыспешыў час абраць жыццёвую сцяжыну Мечыку. Без разваг – і без асаблівых цяжкасцей (бо навука давалася заўсёды лёгка), хлопец паступіў у Мінскі педагагічны інстытут на гістарычны факультэт…

Працоўны шлях пачаў у сярэдняй школе № 1 райцэнтра. Малады энергічны настаўнік стаў ініцыятарам шматлікіх педагагічных пачынанняў, а ў 1964 годзе пад яго кіраўніцтвам быў створаны адзін з першых у раёне школьных краязнаўчых музеяў баявой славы.

Больш за 20 гадоў Ме-чыслаў Францавіч працаваў інспектарам і загадчыкам раённага метадычнага кабінета аддзела народнай адукацыі райвыканкама, адказваў і за стан турысцка-краязнаўчай работы ў школах раёна. Дзякуючы яго ініцыятыве, рэгулярна праводзіліся школьныя і раённыя турысцка-краязнаўчыя злёты і спаборніцтвы, экскурсіі па вывучэнні гісторыі роднага краю. Гэта давала магчымасць сустракацца з многімі цікавымі людзьмі, даведацца пра шматлікія падзеі. Неўзабаве занатоўкі ператварыліся ў сістэматычную базу, а назапашаны багаты матэрыял стаў асновай для будучых публікацый.

Шэсць кніг прысвяціў Бацькаўшчыне навуковец-самародак. Сёння на паліцах раённай бабліятэкі дастойнае месца сярод навуковай літаратуры займаюць нарысы “Адчуванне Бацькаўшчыны”, “Шлях да хрысціянскіх святыняў Валожыншчыны”, “Крывавы след нямецка-фашысцкай акупацыі ў гісторыі Валожынскага раёна”, “Кніга памяці вогненных вёсак Валожыншчыны (1941-1944 гг.)”, біяграфічны даведнік “Гонар і слава Валожыншчыны”. Апошняй сюды трапіла кніга “Удзячнасць і павага ветэранам Вялікай Айчыннай вайны”, якую Мечыслаў Францавіч сёлета выдаў дзякуючы падтрымцы раённага выканаўчага камітэта.

Але на гэтым няўрымсл-івы пісьменнік-публіцыст не збіраецца спыняцца. Сёння ён рыхтуе да выдання новую кнігу-летапіс пра жыццё нашага старажытнага горада і зямель вакол яго з глыбіні стагоддзяў да сучаснасці…

Вядома ж, падобная праца вымагае безліч часу. Першыя свае занатоўкі Мечыслаў Францавіч пачаў фарміраваць яшчэ падчас працы ў раённым краязнаўчым музеі, якому пасля пяцідзесяцігадовага служэння асвеце аддаў яшчэ дзесяцігоддзе. Да запісаў у працоўнай кніжцы дадаўся яшчэ адзін – выконваючы абавязкі адказнага сакратара раённага аддзялення Таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры. Не застаўся незаўважаным і асабісты след, пакінуты Мечыславам Францавічам у гісторыі Валожыншчыны. За добрасумленную працу па навучанні і выхаванні вучняў, дапамогу настаўнікам у педагагічным працэсе і актыўную работу па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны раёна М. Ф. Новак быў узнагароджаны медалямі “Ветэран працы”, “За доблесную працу”, значком “Выдатнік народнай адукацыі БССР”.

У скарбонцы ўзнагарод творцы таксама – шматлікія Ганаровыя граматы Міністэрства асветы БССР, абласнога і раённага аддзелаў адукацыі, Ганаровая грамата Прэзідыума рэспубліканскага савета ГА “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”.

…Гутарым, смяёмся. Падтрымліваем розныя тэмы – балазе, яны цікавыя нам абодвум. Але час прыспешвае, і шаноўны госць, узяўшы кіёк у рукі, на развітанне прамаўляе: “Калі б выпала нават сотня дарог вярнуцца ў маладосць ды памяняць штосьці, не стаў бы гэтага рабіць”. І недзе маланкай прамільгнула думка: “Дзякаваць Богу, што ёсць яшчэ людзі, здольныя, не растраціўшы ні кроплі, данесці да паслядоўнікаў мудрасць вякоў, захаваць галоўнае, што ёсць у кожнага чалавека на зямлі – Памяць…”

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота з дамашняга архіва

М. Ф. Новака.



Добавить комментарий