Жыццё раёна

Общество

Як мінімум восем кіламетраў у дзень пешшу даводзіцца пераадольваць медсястры Тамары Пятроўне БІЛЬДЗЮК, каб трапіць на працу ў Пяршайскую ўрачэбную амбулаторыю. Жыве ўчастковая медсястра ў Дорах. Адтуль пешшу дабіраецца да Шараёў, дзе садзіцца на пасажырскі аўтобус, каб дабрацца да неабходнага ёй прыпынку. У такім рытме Тамара Пятроўна жыве ўжо пятнаццаты год. Жанчына жартуе, што пешы шлях, мабыць, дапамагае ёй трымаць сябе ў цудоўнай фізічнай форме.

…Шмат гадоў таму з чырвоным дыпломам Барысаўскага медвучылішча маладога спецыяліста Тамару Більдзюк з радасцю прынялі ў кардыялагічнае аддзяленне адной з мінскіх бальніц. Там і распачаўся яе працоўны стаж, які ўжо налічвае больш за дваццаць гадоў.

Сардэчнасць і вясёлы нораў медсястры падкупляюць не толькі дарослых пацыентаў, але і дзетак Пяршайшчыны, над якімі Т. П. Більдзюк нясе патранат. Хапае лагоднасці і цеплыні ў гэтай жанчыны і для сваіх дамачадцаў. Тамара Пятроўна – маці двух дарослых сыноў.

У жанчыны заўсёды багата клопату, асабліва калі яна жыве ў вёсцы. Лета не дае ўсядзець без работы. Тамара Пятроўна, як руплівая гаспадыня, робіць шмат нарыхтовак з садавіны і агародніны, каб зімой пабалаваць сваіх родных духмянымі варэннямі і марынадамі.

Фота Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий