БЫТАВЫЯ ПАСЛУГІ – НЕ РАСКОША

Официально

На мінулым тыдні на базе КУП “Валожынскі РКБА” прайшла выязная калегія ўпраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва Мінскай вобласці. У ёй прынялі ўдзел начальнік упраўлення бытавога абслугоўвання Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь В. А. Ляўкоўская, начальнік упраўлення бытавога абслугоўвання вобласці Л. Л. Пулко, намеснікі начальніка ўпраўлення Т. В. Мянзуранка і Ж. У. Бутрэвіч, намеснік старшыні райвыканкама А. В. Бразоўскі, кіраўнікі арганізацый бытавога абслугоўвання вобласці і інш.

На калегіі падводзіліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця галіны за I паўгоддзе, шмат гаварылася пра выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў па бытавым абслугоўванні насельніцтва, а таксама разглядаліся вынікі праведзенага ўпраўленнем маніторынгу.

Пра работу Валожынскага РКБА расказаў яго дырэктар Л. В. Акотчык. Да таго ж госці на свае вочы змаглі пабачыць, як арганізавана работа ў Доме быту ў райцэнтры, азнаёміцца з работай яго вытворчай базы – піларамы, сталярнага і зварачнага цэхаў, цэхаў па вырабе рытуальных вянкоў і карзінак і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама сельскіх комплексна-прыёмных пунктаў “Багданава” і “Вішнева”.

Сёння Валожынскі РКБА, у склад якога ўваходзяць Дом быту ў Валожыне, пральня, вытворчая база і 12 комплексна-прыёмных пунктаў у сельскай мясцовасці, – гэта асноўная структура, якая аказвае бытавыя паслугі насельніцтву раёна. Калі трэба адрамантаваць адзенне або абутак, тэлеапаратуру, бытавую тэхніку, работнікі прадпрыемства заўсёды гатовы дапамагчы. РКБА прапануе 19 відаў бытавых паслуг, сярод якіх ёсць паслугі хімчысткі, мыцця бялізны, фатаграфіі, індывідуальны пашыў адзення, штор. 11 паслуг вылучаны як сацыяльна значныя. Адносна нядаўна з’явіліся яшчэ і газонакашэнне, рэстаўрацыя і поўная ачыстка пуха-пер’евых вырабаў, выконваюць тут зварачныя работы, меляць зерне, робяць драўляныя агароджы, вулічныя туалеты, альтанкі, аказваюць поўны спектр рытуальных паслуг. Дарэчы, зусім нядаўна райбыткамбінат атрымаў лесарубны білет ад лясгаса і зараз сам займаецца нарыхтоўкай драўніны.

Пастаянная задача работнікаў бытавой сферы раёна – не толькі пашыраць асартымент аказваемых паслуг і выпускаемай прадукцыі, але і паляпшаць іх якасць. Карыстаючыся тым, што трыкатаж сёння перажывае так званае “другое нараджэнне”, Валожынскі Дом быту пастаянна павялічвае вытворчасць вырабаў з яго, і ўсё гэта дзякуючы прамысловай машыне ланцуговага шыўка. Прымальныя па цане жаночыя блузкі і тунікі, спартыўныя касцюмы, дзіцячае адзенне карыстаюцца попытам у жыхароў раёна. Павялічваюцца аб’ёмы пашыву спецыяльнага і рабочага адзення. Паступова абнаўляецца абсталяванне, прыходзяць маладыя кадры.

“Шыем якасна, сучасна і толькі з тканіны беларускіх вытворцаў, таму ведаем, што робім крок да поспеху. Прыцягваюць пакупнікоў і даступныя цэны”, – расказвае намеснік дырэктара Валожынскага РКБА І. Л. Сівая. Шырокім попытам карыстаецца сёння як у мясцовых жыхароў, так і ў арганізацый, устаноў пашыў дэкаратыўных шторных вырабаў. Спачатку гэта паслуга была прапанавана ў якасці эксперымента, а потым работнікі прадпрыемства зразумелі, што гэта выгадна. Валожынскія бытавікі ўжо прыгожа “апранулі” вокны ў райвыканкаме, сельвыканкамах. Нядаўна паступіў заказ на абнаўленне штор у мясцовым рэстаране “Іслач”. “Ды і кватэру або дом можна ўпрыгожыць без вялікіх затрат, нашы шторы каштуюць танней, чым у многіх магазінах”, – гаворыць Іна Леанідаўна. Зараз упэўнена можна сцвярджаць, што майстрыхі знайшлі свайго пакупніка.

Згодна з сацыяльнымі стандартамі ў раёне павінны дзейнічаць 10 КПП. Сёння іх 12, дзе аказваюцца 18 відаў паслуг. Работа па бытавым абслугоўванні на вёсцы пастаянна ўдасканальваецца, расшыраецца асартымент паслуг, прадукцыі для продажу, паляпшаецца выязное абслугоўванне. Жыццё на вёсцы павінна быць не горшае, чым у горадзе. Увесь раён падзелены на зоны абслугоўвання, у кожнай з каторых ёсць КПП, якому падчыняецца прыкладна каля дзесяці вёсак. У вёсках размешчана і інфармацыя, куды можна звярнуцца за той ці іншай паслугай.

У кіраўніцтва і работнікаў раённай галіны ёсць шмат крэатыўных ідэй, задумак, а самае галоўнае, жаданне працаваць. Таму і вынік не прымусіць сябе доўга чакаць. Аб гэтым было зазначана і ў час падвядзення вынікаў работы калегіі.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий