Слова роднае — вечнасці след

Культура

Роднае слова з пашанай называюць люстэркам культуры і формай яе існавання.
Агульная колькасць моў свету дакладна не вызначана з-за неакрэсленасці межаў паміж мовамі і дыялектамі, недастатковай вывучанасці некаторых моўных рэгіёнаў. Лічыцца, што жывых моў на зямлі ад 3 да 5 тысяч і ад 6 да 8 тысяч дыялектаў.
Славянская мова – пятая па распаўсюджанасці на планеце сярод груп моў. На ёй гавораць больш за 300 мільёнаў чалавек. Сёння існуе 13 славянскіх нацыянальных літаратурных жывых моў: беларуская, руская, украінская, польская, чэшская і інш.
У 1956 годзе Якуб Колас пісаў: “Беларуская мова параўнальна маладая. Хоць даўно ўжо на ёй гаворыць народ, але як мова навукі, палітыкі, літаратуры знаходзіцца ў перыядзе станаўлення. Таму задача інтэлігенцыі рэспублікі – берагчы мову, вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць. Гэта дасягаецца, па-першае, штодзённым яе ўжываннем у побыце, на працы, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах”.
Беларуская мова бярэ свой пачатак з праславянскай мовы. Старажытнае беларускае пісьменства прадстаўлена галоўным чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі XIII-XIV стагоддзяў. На працягу XIV-XVI стагоддзяў у беларускай мове з’яўляюцца свае фанетычныя асаблівасці: цвёрдае “р”, дзеканне і цеканне. Беларускія пісьмовыя помнікі XVI стагоддзя сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове.
На жаль, у XVII стагоддзі ў час Рэчы Паспалітай беларуская мова была выцеснена польска-лацінскай і практычна выйшла з ужытку. І толькі на пачатку XIX стагоддзя пачынаецца станаўленне новай беларускай літаратурнай мовы на народнай аснове.
Родная мова! Адно з самых вялікіх тварэнняў беларускага народа, яго годнасць і слава! Колькі напісана і надрукавана на ёй за некалькі стагоддзяў яе існавання.

Таццяна ЗЯНЬКО,
бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу.



Добавить комментарий