ЗАЎСЁДЫ МОДНА БЫЦЬ ПРЫГОЖЫМ

Молодежный курьер

Улажыць непаслухмяную шавялюру, надаць аб’ём тонкім валасам, завіць ідэальныя локаны, зрабіць з валасоў “твор мастацтва”, даць слушную параду – усё пад сілу цырульніку Ангеліне Ермаловіч.

Нягледзячы на свой узрост – дзяўчыне ўсяго 18 гадоў – Ангеліна зарэкамендавала сябе здольным цырульнікам у Валожынскім Доме быту, куды маладога спецыяліста прынялі на працу пару тыдняў таму.

Асновы цырульніцкага майстэрства Ангеліна спасцігала ў Магілёўскім прафесійна-тэхнічным каледжы, куды прыйшла вучыцца ў 15 гадоў. Там жа дзяўчына атрымала і спецыяльнасць майстра па дэкаратыўнай касметыцы. Да таго ж у сценах вучэбнай установы Ангеліна захапілася музыкай, спявала ў аматарскім хоры, гадзінамі рэпеціравала любімыя, чарадзейныя па прыгажосці музычныя творы Яўгенія Догі. Музыка настройвае Ангеліну на станоўчы лад, бо да кліентаў цырульнік заўсёды павінен ставіцца ўважліва і пачціва.

Па волі лёсу сям’я дзяўчыны з роднага Магілёва перабралася жыць у вёску Доры. Новым месцам жыхарства Ангеліна задаволена. Валожыншчына, ды і сам горад, прывабліваюць сваім маляўнічым пагоркавым рэльефам.

Цяпер А. Ермаловіч практыкуе мастацтва стрыжкі ў мужчынскай зале цырульні. У “Кнізе заўваг і прапаноў” ужо з’явіўся першы станоўчы водгук аб стараннай рабоце дзяўчыны, які пакінуў удзячны наведвальнік.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий