ДАПАМОГА ДЛЯ ДОМА-ІНТЭРНАТА

Официально

Нядаўна дырэктар медыка-сацыяльнай установы “Ракаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат” Віталій Прыёмка вітаў гасцей. Госці былі сапраўды чаканыя і прыемныя. У невялічкім кабінеце кіраўніка акрамя самога гаспадара сабраліся яшчэ тры чалавекі – сямейная пара са Злучаных Штатаў Амерыкі Гэры і Кэйлін з кароткім простым прозвішчам Джон і наш суайчыннік са сталіцы Сяргей Зубовіч. Карэспандэнту “Працоўнай славы” давялося стаць сведкам іх прыязнай гутаркі. Але ж сама падзея мела перадгісторыю…

Разам з прадстаўнікамі аб’яднання “Сафія” мы прайшлі па памяшканнях дома-інтэрната. Кіраўнік паказваў нам усё тое, што ўдалося набыць за апошнія шэсць гадоў, выкарыстоўваючы дабрачынную фінансавую дапамогу. Машыны для мыцця посуду, чысткі бульбы, працірання вараных прадуктаў, маразільныя камеры і ахаладжальныя спліт-сістэмы набываліся яшчэ ў мінулыя гады, трывала ўвайшлі ў строй і надзейна служаць. Літаральна ў апошнія месяцы з’явіліся новыя набыткі: закуплены халадзільная шафа для малочных прадуктаў, электрычная патэльня, электрапліта і варачны кацёл на 100 літраў.

Людзі, чыімі намаганнямі ўсё гэта трапіла ў Ракаўскі дом-інтэрнат, сядзяць побач са мной. Сяргей Зубовіч з’яўляецца выканаўчым дырэктарам МДГА “Сафія” ў Беларусі. Яго калегі па дабрачыннай дзейнасці Гэры і Кэйлін Джон родам з далёкай Амерыкі. Але вось ужо некалькі гадоў працуюць валанцёрамі ва Усходняй Еўропе.

Гэры і Кэйлін Джон з бляскам у вачах, які не гасне нягледзячы на тое, што абодва амерыканцы ўжо на пенсіі, расказваюць, што ўсход амерыканскага штата Айдаха, адкуль яны родам, вельмі падобны на Беларусь. Аказваецца, гэта самы “бульбяны” штат ва ўсёй вялікай краіне, у якім зялёныя пералескі зусім па-беларуску перамяжоўваюцца з дагледжанымі палеткамі. Высвятляецца, што ў юнацтве Гэры ваяваў у В’етнаме, а потым амаль усё жыццё ўзначальваў судовую лабараторыю. Адкрываецца, што ў сям’і Джон сямёра дзяцей і ажно трыццаць тры ўнукі…

Цяпер пара амерыканскіх валанцёраў – добраахвотныя супрацоўнікі гуманітарнай службы Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён, якія займаюцца дастаўкай і кантролем размеркавання гуманітарнай дапамогі. Пражыўшы два апошнія гады ў Расіі, яны пераехалі ў Беларусь. Я запытаўся, ці заўважылі яны якую-небудзь розніцу паміж суседнімі народамі. Дзіўна і прыемна было пачуць у адказ, што беларускі народ бачыцца ў вачах замежных дабрачынных місіянераў крыху непадобным на свайго ўсходняга брата. “Беларусы выглядаюць значна больш шчаслівымі, людзі на вуліцах усміхаюцца. Беларусь здаецца мне еўрапейскай краінай, у якой прыемна жыць,” – адказаў Гэры Джон.

Паводле слоў гасцей, іх асноўная мэта – дапамагчы людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Напрыканцы размовы, дзякуючы і ад уласнага імя, і ад імя супрацоўнікаў і жыхароў дома-інтэрната за аказаную дапамогу, Віталій Прыёмка адзначыў, што сапраўдная міласэрнасць не ведае межаў. Гледзячы на вынікі дзейнасці місіянераў з далёкай Амерыкі і іх калег з Беларусі, цяжка не пагадзіцца.

Застаецца дадаць, што пастаўка кухоннага абсталявання ў Ракаўскі псіха-неўралагічны дом-інтэрнат – далёка не першы факт дапамогі МДГА “Сафія” сацыяльным установам Беларусі. Толькі за два апошнія гады дабрачынная арганізацыя з фінансавай падтрымкай царкоўнай гуманітарнай службы з ЗША толькі ў межах Мінскай вобласці аказала дапамогу на агульную суму больш за 229 мільёнаў рублёў. Супрацоўніцтва з установамі Валожынскага раёна таксама становіцца добрай традыцыяй. У мінулым годзе МДГА “Сафія” дапамагло Чэхаўшчынскай дапаможнай школе-інтэрнату.

Дзевяць гадоў таму на тэрыторыі і ў памяшканнях бы-лога ведамаснага дзіцячага лагера “Дарожнік” узнік-ла медыка-сацыяльная ўстанова “Ракаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат”. За мінулыя гады шмат было зроблена. Сёння ўстанова стала прытулкам для 164 чалавек, якія маюць розныя псіхічныя захворванні, якія робяць для іх немагчымым альбо складаным самаабслугоўванне і самастойнае пражыванне. Задача персаналу дома-інтэрната, які налічвае больш за сотню супрацоўнікаў, адказная і высакародная – стварыць для хворых не проста камфортнае жыццё, але ж і забяспечыць умовы для паляпшэння стану, папярэджання псіхічнай і сацыяльнай дэградацыі, умацавання навыкаў самаабслугоўвання.

Памяшканні дзіцячага лагера на момант яго перадачы пад інтэрнат былі ў пэўнай ступені забяспечаны патрэбным абсталяваннем, мелася некаторая інфраструктура. Але ж з гадамі тэхнічны арсенал састарэў, магутнасцяў стала не хапаць. Якраз у той час да Віталія Уладзіміравіча трапіла інфармацыя аб міжнародным дабрачынным грамадскім аб’яднанні “Сафія”…

 

Андрэй ЗАХАРАНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий