КАБ НАДОІ ПАВЫШАЦЬ, ТРЭБА РЭКАНСТРУЯВАЦЬ…

Общество

Задача рэканструкцыі малочнатаварных ферм у гаспадарках раёна не новая, да яе рэалізацыі на Валожыншчыне прыступілі яшчэ напрыканцы мінулага года. Гэта выклікана патрабаваннямі часу і рацыянальнага падыходу да вядзення гаспадарчых спраў. Аднак на праверку аказалася, што справы тыя ідуць не так гладка, як планавалася…

Да сённяшняга часу перавагамі пераходу на беспрывязное ўтрыманне кароў і выкарыстання сучаснага даільнага абсталявання карысталіся толькі тры гаспадаркі раёна – СВК “Пяршаі-2003”, СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” і ААТ “АграДоры”. Атрыманы вопыт па дасягнутай эканоміі рэсурсаў, зніжэнні працазатрат і павышэнні эфектыўнасці вытворчасці малака ў немалой ступені паслужыў падставай прыняць рашэнне аснасціць сугучна з апошнімі навуковымі і тэхнічнымі распрацоўкамі хоць па адной ферме ў кожным сельгаспрадпрыемстве. І работа пачалася.

Як расказаў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пётр Уладзіміравіч Жалняровіч, з якім нядаўна выехалі пазнаёміцца з ходам рэканструкцыі і мадэрнізацыі МТФ у чатыры гаспадаркі, з уводам гэтых аб’ектаў у строй звязаны сур’ёзныя планы на перспектыву. Калі коратка, іх сутнасць зводзіцца да канцэнтрацыі дойнага статку ў адным месцы замест некалькіх і максімальны адыход ад састарэлай тэхналогіі даення “ў вядро”. Гэта станоўча паўплывае на колькасць і якасць прадукцыі, на павелічэнне пагалоўя, дапаможа скараціць шматлікія фінансавыя затраты. Вызначаны і канкрэтныя тэрміны для рэалізацыі названай стратэгіі: абноўленыя малочнатаварныя фермы павінны быць задзейнічаны ў гаспадарчым працэсе з кастрычніка бягучага года. Але ўжо сёння бачна, што не ўсе паспеюць выканаць даручанае заданне ў час. Гэта меркаванне толькі ўмацавалася на першым жа пункце прыпынку нашага маршрута – у МТФ “Седлішча” ААТ “Лоск”. Архітэктурна-будаўнічым праектам прадугледжана пераабсталяванне аднаго з памяшканняў комплексу пад сухастойнае ўтрыманне кароў і будаўніцтва новага малочна-даільнага блоку. І калі работы на першым названым аб’екце набліжаюцца да завяршэння, за другі яшчэ нават не браліся. Як высветлілася, “каменем спатыкнення” паслужылі адсутнасць будаўнічай каштарыснай дакументацыі і недахоп грашовых сродкаў у самой гаспадарцы. Праўда, частка неабходных матэрыялаў закуплена і завезена на тэрыторыю фермы, а ўзнімаць сцены блока будзе падрадчык з нашага раёна – ПУП “ВоАнаБуд”. З арганізацыяй ужо заключаны неабходныя дагаворы. Пасля завяршэння работ мясцовы статак у 185 галоў плануецца павялічыць да 400 пераводам жывёлы з іншых ферм – на такую колькасць разлічана вытворчая магутнасць комплексу.

Зусім іншая карціна адкрываецца ў суседняй гаспадарцы – МАУП “Падбярэззе”. Дах на рэканструяваным памяшканні перакрыты, малочна-даільны блок узведзены, зараз будаўнічая брыгада ўстаўляе шклопакеты і дзверы. Па ўсім бачна, недалёка той час, калі сюды пачнуць завозіць новае даільнае абсталяванне, якое будуць браць у лізінг праз ААТ “Мінскаблаграсэрвіс”.

Пэўныя праблемы ў накірунку мадэрнізацыі ёсць на МТФ “Няровы”, што належыць філіялу № 7 ААТ “Белтрубаправодбуд”. Хаця рэканструкцыя кароўніка праведзена некалькі гадоў таму, з-за зацягнутых тэрмінаў падрыхтоўкі праекта ўзнікла затрымка з будаўніцтвам малочна-даільнага блоку. Зрэшты, калі ўсе пытанні будуць вырашаны, падрадчыкі змогуць уключыцца ў поўнамаштабную работу з першых дзён, бо неабходныя будматэрыялы завозяцца сюды пастаянна.

Затое на малочнатаварнай ферме “Макараўка” КСУП “Сакаўшчына-Агра”, якую наведалі апошняй, у падрыхтоўчых работах літаральна фізічна адчуваецца “фінішная прамая”. Дзейнасць па пераабсталяванні комплексу пачалася з лістапада мінулага года, і вынік пераконвае: у кастрычніку рагулі дакладна адчуюць куды большы камфорт як пры кармленні, так і ў час дойкі. І несумненна, аддзячаць клапатлівым жывёлаводам гладкімі бакамі ды нарастаючымі надоямі.

Сяргей САДОЎСКІ.

 

 



Добавить комментарий