СТАРТУЕ ЭКАЛАГІЧНЫ ФОРУМ

Общество

Х Рэспубліканскі экалагічны форум пройдзе з 24 па 26 жніўня ў Маладзечне. Мяркуецца, што на гэта маштабнае мерапрыемства з’едуцца больш за 500 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Ад нашага раёна ў дэлегацыю Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўключаны начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатолій Канстанцінавіч Пашкоўскі і дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірына Міхайлаўна Зянько.

Першы экафорум адбыўся ў 2003 годзе ў Оршы і меў на мэце прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да праблем навакольнага асяроддзя. Затым гасцей па чарзе прымалі Горкі, Полацк, Мядзель, Браслаў, Рэчыца, Гродна, Брэст і інш. Сёлетні форум будзе прысвечаны пытанням асветы, адукацыі і выхавання ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.

Галоўная яго мэта – кансалідацыя і актывізацыя ўсіх слаёў грамадства ў вырашэнні праблем аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Яго ініцыятары імкнуцца максімальна прыцягнуць грамадзян нашай краіны да экалагічнага руху, павысіць экалагічную культуру насельніцтва, а таксама прапагандуюць прынцыпы ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў.

У першы дзень форуму, 24 жніўня, Валожыншчына будзе гасцінна сустракаць дэлегацыю Гродзенскай вобласці. У гэты дзень запланаваны азнаямленне з сістэмай арганізацыі турызму ў рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Налібоцкі”, сістэмай экалагічнага выхавання ў ДЦРД “Расінка” і гімназіі № 1 райцэнтра, распрацоўкай і ўкараненнем мерапрыемстваў па ахове навакольнага асяроддзя ў Валожынскім філіяле ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” і інш. Затым дэлегацыя адправіцца ў Маладзечна.

У рамках форуму будуць арганізаваны разнастайныя тэматычныя выставы, конкурсы, прыродаахоўныя акцыі, фестывалі і іншыя мерапрыемствы. Адным з найбольш цікавых стане адкрыццё спецыялізаванай выставы “Сучасныя тэхналогіі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання”, дзе эколагі змогуць абмяняцца прафесійным вопытам з беларускімі і замежнымі калегамі. Пераможцаў рэспубліканскіх экалагічных конкурсаў чакаюць узнагароды. У гонар юбілею гэтага экалагічнага мерапрыемства ў скверы на вуліцы Л. Талстога ўсе ўдзельнікі і госці адкрыюць спецыяльны памятны знак і пасадзяць маладыя дрэўцы.

Матэрыял да друку падрыхтавала

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий