ПАМЯЦЬ КЛІЧА НА МАЛУЮ РАДЗІМУ

Культура

У Яршэвічах ёсць тое, да чаго нітачкі дарог цягнуцца ад усіх вёсак, – сэрца гэтай акругі… “Пойдзем у цэркаўку”, – гаварыла некалі бабуня Макрынка.

У маю маладосць Яршэвічы прыцягвалі людзей: тут праходзілі розныя фэсты, вечарынкі, тут гралі на розных інструментах мясцовыя музыканты. Тутэйшыя дзяўчаты былі смялейшыя ў песнях, танцах. Маглі зацягнуць вясельную, народную песню. І ім не было роўных. Мая дарога з вёскі Зарэчча ў Яршэвічы пачалася з таго, што дзед пасылаў за газетай, якую выпісваў. Там у вясковай хаце жыла начальнік пошты, а радавых паштальёнаў тады яшчэ не было. Падпісчыкі самі хадзілі за тры кіламетры за газетамі.

Яшчэ адно святое месца ў Яршэвічах, акрамя царквы, – гэта могілкі. Там пахаваны ўсе нашы родныя. Туды нас цягне, як магнітам, туды мы павінны наведвацца, аддаваць даніну павагі тым, хто нас выхаваў, вывучыў, пусціў у белы свет. А разляцеліся мы, хто куды. Такі час настаў. Але, здараецца, як спаткаемся на вясковых могілках на Радуніцу з аднакласнікамі, дык міжволі прыгадаем далёкае мінулае…

Школа раней месцілася ў панскім доме, а пан Тарналіцкі, як і ўсе паны, з’ехаў у Польшчу. Мае дзядзькі ўспаміналі Людвіка Тарналіцкага, сына пана. Ён нярэдка запрашаў іх паўдзельнічаць у спартыўным відовішчы. З цягам часу школа з пачатковай ператварылася ў сямігодку. Змяніліся некалькі дырэктараў, тут некалі і я тры гады прапрацавала піянерважатай. У школе праходзілі розныя масавыя мерапрыемствы, культурнае жыццё, танцы. Потым усё перамясцілася ў Яршэвічы.

Часта ўспамінаецца былое. Вось фотакартка з майго сямейнага альбома. На ёй – наш 6-ты клас. Дзяўчаты і хлопцы, амаль дарослыя, у гімнасцёрках. Тады толькі вярнуліся дамоў былыя франтавікі, гэта іх гімнасцёркі, пілоткі даношвалі школьнікі. Моладзь актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, якую арганізаваў Фёдар Лук’янавіч Брысь, адзін з першых мясцовых настаўнікаў. Ён хадзіў у шынялі з блакітнымі пятліцамі. Гэта быў вельмі абаяльны чалавек. Ён навучыў нас спяваць добрыя, шчымлівыя, у асноўным ваенныя песні. Помню п’есу “Мая хата з краю”. Мы яе добра інсцэніравалі. Мой дзядуля прыходзіў на наш канцэрт, дык праслязіўся. …Фёдар Лук’янавіч, адамоўскі малады чалавек, быў нашым кумірам. Да ўсяго гэтага ён быў яшчэ і фатографам, гэта вельмі нас прываблівала. Хачу сказаць яму дзякуй ад усіх нас, хто яшчэ жывы, за светлую старонку ў жыцці, бо гэта быў энтузіяст, улюбёны ў тое, што рабіў.

Яршэвічы знаходзіліся ў двух кіламетрах ад нашай школы. Але мы туды “курсіравалі” ледзь не кожны дзень. На паўдарозе да Яршэвічаў стаяў дуб. Ён і цяпер там стаіць. З гэтым дубам звязана шмат усякіх прыдумак пра здарэнні, што адбываліся з тымі, хто позна вяртаўся дадому. А такіх было нямала, бо тады таксама кахаліся, сустракаліся. Адно скажу, што не было ніводнага выпадку, каб хлопец зняважыў дзяўчыну, каб хлопцы пабіліся.

У царкву мы хадзілі да таго часу, пакуль не сталі камсамольцамі. Царква была для нас святым месцам. Тут мы спавядаліся, тут праводзілі ў апошні шлях блізкіх, нярэдка прысутнічалі на вянчанні сямейных пар. А потым усё, на жаль, пайшло, як пайшло… Я ведала сына святара Уладзіміра, ён вучыўся ў нашай школе. Кажуць, цяпер ён недзе прадаўжае справу бацькі.

Яшчэ да вайны быў настаўнікам у Яршэвічах мой хросны бацька, брат маёй бабулі Канстанцін Іванавіч Радкевіч. У іх доме ў Зарэччы ёсць шмат цікавага з тых часоў: фотакарткі, кнігі. Мой дзядзька Валодзя кінуў вучыцца таму, што пападала лінейкай па руках, бо на ўроках збіваўся з польскай мовы на беларускую. І так было з многімі, бо хадзіць у школу тады было не абавязкова. Гэта было яшчэ пры Польшчы…

Леаніла САДОЎСКАЯ (БАЛОТНІК),

жыхарка горада Маладзечна.

 



Добавить комментарий