Дабра ніколі не бывае многа…

Официально

Гэтыя словы неаднаразова гучалі ў час дабрачыннай акцыі “Партфель з радасцю”, якая напярэдадні новага навучальнага года прайшла ў аддзяленні прытулку раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

І, як у пацвярджэнне таму, людзі, што завіталі сюды ў той дзень, шчодра дарылі ўсім выхаванцам добрыя словы, шчырыя ўсмешкі і, канешне, падарункі. Сёння ў аддзяленні прытулку знаходзяцца 9 дзяцей, 5 з іх – школьнага ўзросту. Іх неабходна падрыхтаваць да школы, стварыць спрыяльныя для вучобы і адпачынку ўмовы. Пэўныя ўмовы для выхавання і развіцця патрэбны і дашкольнікам. Таму кіраўніцтва СПЦ і аддзел адукацыі райвыканкама і сталі ініцыятарамі такой акцыі. Яны адправілі просьбу аб дапамозе на электронныя адрасы арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Адгукнуліся ў пераважнай большасці тыя, хто ў СПЦ і дагэтуль быў частым госцем. Кіраўнік ДП “Мінаблпаліва” М. І. Радына падарыў выхаванцам партфелі. А напоўніць іх канцылярскімі прыладамі дапамаглі аддзел па справах моладзі райвыканкама і РА ГА “БРСМ”, РА Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, РАУС. Дырэктар ТЦСАН Г. Ф. Рай уручыла кожнаму з выхаванцаў камплекты адзення і абутку. З падарункамі на свята завітала і старшыня прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі М. М. Камінская. Кіраўніцтва райаграпрамтэхнікі перадало СПЦ фіранкі на вокны, крыху раней арганізацыя ўстанавіла сучасныя шклопакеты ў харчаблоку і жалюзі ў санвузлах.

Не абышлося ў час акцыі і без урачыстага моманту. Намеснік старшыні абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа В. Ф. Курылёнак, акрамя прыгожага пакрыцця на падлогу, уручыў калектыву СПЦ грамату за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы дзяцей да школы.

Тэкст і фота

Святланы СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *