І ЗА ГАСПАДАРА, І ЗА ГАСПАДЫНЮ…

Культура

Едучы па ціхай вуліцы вёскі Камень, карэспандэнты спыніліся каля  мясцовай крамы. У чаканні прывозу свежага хлеба ля магазіна няспешна прагульваўся пажылы мужчына. Павіталіся, разгаварыліся. Бярнард Феліцыянавіч аказаўся субяседнікам цікавым – літаральна энцыклапедыяй жыцця лесу. А ўсё таму, што яе вялікасці Прыродзе адслужыў ні многа ні мала – 36 гадоў…

Як высветлілася, жыве дзядуля па суседству са знакамітым каменскім майстром-ткачом Вітольдам Малюткам. Нават прозвішчы ў мужчын аднолькавыя. Толькі калі адзін кладзе вязь лёсу на ніту і дасягнуў у тым немалых вышынь, другі знайшоў сябе на лясных сцяжынах-пуцявінах, працуючы спачатку ў Івянецкім, а потым у родным, Каменскім лясніцтве. Службу лясніка распачаў у 1957 годзе, па вяртанню са службы воінскай – Бярнард Феліцыянавіч у арміі быў санінструктарам адной з чыгуначных часцей. Успамінаюцца тыя часы пенсіянеру, нібыта ўсё адбывалася толькі ўчора. Прыгадвае, як шмат было тады ласёў ды дзікоў, як узімку вазілі бульбу на падкормку ляснога брацтва. Вядома ж, ніколі на забудуцца і гады, якія давялося пражыць… у хляве! Гэта гісторыя пачалася, калі малады сяржант дэмабілізаваўся з арміі і вярнуўся дадому. Няцяжка ўявіць, якія пачуцці агарнулі чалавека, калі на месцы роднай хаты ўбачыў толькі рэшткі папялішча… Так і атрымалася, што першыя гады працы ў лясніцтве спалучаў з будаўніцтвам новага жытла – наймаў людзей і сам з імі працаваў кожную вольную хвілінку. Праз тры гады – у 1960-ым – Бярнард Феліцыянавіч увайшоў у новы дом.

З гэтай хаты Б. Ф. Малютка з жонкай далі дарогу ў свет любімым дочкам, якія часта заязджаюць, дапамагаюць справіцца з гаспадарчымі справамі састарэлым бацькам. Дакладней – бацьку: жонку Бярнарда Феліцыянавіча захапіла цяжкая хвароба, праз яе яна атрымала інваліднасць II групы. Фактычна прыкаваная да ложка, жанчына рэдка падымаецца, таму мужчына ўзяў на сябе клопаты і гаспадара, і гаспадыні. Але на лёс не скардзіцца: лічыць несумленным слаць дакоры годна пражытаму жыццю…

Сяргей САДОЎСКІ.


 



Добавить комментарий