МАШКА – ДОБРАЯ ВАРТАЎНІЦА

Культура

Калі асцярожная кошка прашмыгнула вакол кніжных стэлажоў цэнтральнай раённай бібліятэкі, перасякла чытальную залу і схавалася дзесьці пад лесвіцай, што вядзе на другі паверх, я крыху здзівілася, але потым асяніла здагадка: кіса тут – не выпадковы наведвальнік…

Так яно і аказалася. Пушыстую мурку клічуць Машкай. А “працуе” яна ў бібліятэцы… вартаўніком. “Зарплату” атрымлівае ў выглядзе кавалка апетытнай каўбасы або іншага ласунку.

Чалавецтва яшчэ не прыдумала лепшага сродку ад мышэй, чым танныя паслугі чатырохногага мурлыкі. Завесці такога ахоўніка работнікі бібліятэкі вырашылі, калі ўжо ніякія прынады, мышалоўкі і атрута не дапамагалі ў барацьбе з пацукамі і мышамі. Грызуны на вячэру раз-пораз выбіралі сабе чарговы літаратурны том, не грэбавалі паспрабаваць на зуб і трываласць мэблі.

Вось ужо тры гады бібліятэкараў не турбуе напасць грызуноў: ім надзейную заслону паставіла Машка – трохколерны вусаты ахоўнік (дарэчы, менавіта кот такой масці – лепшы паляўнічы на мышэй; у многіх краінах свету лічыцца, што ён прыносіць удачу, а ў ЗША яго называюць “грашовым катом”).

Уначы пушысты вартаўнік мае вольны доступ у кнігасховішча, а днём найчасцей хаваецца ад вачэй наведвальнікаў у падвале бібліятэкі, дзе для коткі абсталяваны асобны куток. Тут суха і цёпла. Днём Машка робіць праменад па горадзе, а ўвечар праз чорны ход вяртаецца ў бібліятэку.

Дарэчы, каты “працуюць” у многіх музеях і бібліятэках свету. Напрыклад, Эрмітаж карыстаецца паслугамі кошак з 1764 года. Сваю гісторыю “легендарныя” каты вядуць з часоў Лізаветы Пятроўны. Цяпер каманда пушыстага персаналу музея налічвае 50-60 кошак. Кожная з іх мае пашпарт з фатаграфіяй і адзнакамі ветэрынарнага лекара, і лічыцца высокакваліфікаваным “спецыялістам” па ачыстцы музейных падвалаў ад грызуноў.

P.S. Нядаўна котка Машка прывяла кацянят. Калі вы жадаеце набыць “вучонае” кацянё, можаце зазірнуць у бібліятэку не толькі за кнігай…

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий