ПАЖЫВІЦЦА НЕ ЎДАЛОСЯ

Закон и порядок

Не ўсе ўдзельнікі жніва вызначыліся высокай прадукцыйнасцю працы і рэкорднымі намалотамі. Некаторыя пакінулі свае прозвішчы не на дошцы гонару, а ў міліцэйскіх пратаколах. Чарада спроб крадзяжу паліва была зафіксавана ў гаспадарках раёна. Найбольш актыўна дзейнічалі “прадпрымальнікі” з СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” і СВК “Пяршаі-2003”. За першую палову жніўня супрацоўнікамі міліцыі выкрыты спробы прысваення больш за дзевяноста літраў дызельнага паліва і каля ста літраў бензіну. На незадачлівых зладзеяў складзены адміністрацыйныя пратаколы. Канфіскаванае паліва вярнулі ў гаспадаркі.

ПРАВЕРАНА. МІН НЯМА!

У аператыўна-дзяжурную службу РАУС пазваніў жыхар вёскі Адамоўцы з трывожным паведамленнем аб тым, што падчас сельскагаспадарчых работ на прысядзібным участку быў знойдзены прадмет, у якім гаспадар убачыў снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сапёрна-піратэхнічная група, спецыяльна выкліканая з Мінска, прыбыла на месца ўжо праз некалькі гадзін. Металічны прадмет цыліндрычнай формы, які дасталі з зямлі, быў вызначаны спецыялістамі, як штопар прычапнога прыстасавання трактара “Беларус”.

ЯЗДА БЕЗ ПРАВІЛАЎ

Да сумных вынікаў прывяло ігнараванне правілаў дарожнага руху жыхаром вёскі Вішнева. Саракадвухгадовы вадзіцель матацыкла ІЖ, позна ўвечары ў вёсцы Дзесятнікі выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з возам, які рухаўся ў процілеглым накірунку. Ні конь, ні супрацоўнік ААТ “Багданаўскае”, які кіраваў возам, не пацярпелі. А вось вадзіцель матацыкла, які ехаў без “праў”, шлема і рэгістрацыйнага знака з выключаным святлом фар, ад атрыманых траўм памёр на месцы здарэння. Як устаноўлена падчас следства, матацыкл не меў допуску да ўдзелу ў дарожным руху.

ЗА ПАКЛЁП – ДА АДКАЗНАСЦІ

Заяву ў міліцыю на свайго сабутэльніка напісаў дваццацівасьмігадовы жыхар Валожына. Паводле яго слоў, нядобрасумленны сябар падчас сумеснага распівання спіртных напояў скраў яго мабільны тэлефон коштам больш за семсот тысяч рублёў. Падчас праверкі высветлілася, што на самой справе заяўнік сам аддаў таварышу тэлефон з просьбай прадаць яго і на атрыманыя грошы купіць яшчэ спіртнога. Праз два дні пасля таго, як набыты алкаголь быў разам выпіты, малады чалавек звярнуўся з заявай у міліцыю. Як высветлілася пазней, такім чынам ён хацеў пазбегнуць папрокаў з боку бацькоў з нагоды продажу тэлефоннага апарата. У выніку Валожынскім аддзелам следчага камітэта супраць самога несумленнага заяўніка ўзбуджана крымінальная справа.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *