Дзень за днём:

Общество

Раённая дзіцячая бібліятэка з 1 па 8 верасня праводзіць Тыдзень беларускай кнігі “Слава кніжцы беларускай!”, прымеркаваны да Дня беларускага пісьменства. Юным чытачам будуць прапанаваны тэматычныя выставы, гадзіны інфармацыйных знаходак і цікавага чытання, адкрыты кнігапрагляд, літаратурная сустрэча з беларускімі паэтамі і пісьменнікамі “Сэрцам роднага слова краніся”.

 

Да новага навучальнага года ТАА “Аграсэрвіс-6” зрабіла выдатны падарунак выхаванцам ясляў-сада “Лесавічок”, што ў гарпасёлку Івянец. Арганізацыя выдзеліла неабходную суму грошай, за якія адміністрацыя дашкольнай дзіцячай установы набыла новы халадзільнік-маразільнік “Атлант”.

 

З 24 жніўня па 10 верасня ў раёне для ўдзельнікаў дарожнага руху ў рамках рэспубліканскай праводзіцца акцыя “Увага, дзеці!”, якая стала ўжо традыцыйнай у пачатку новага навучальнага года. Асабліва пільнымі ў гэты час павінны быць вадзіцелі транспартных сродкаў, праязджаючы паблізу навучальных устаноў. Ім рэкамендавана перамяшчацца з уключаным бліжнім святлом фар.

 

Нядаўна зборная Валожынскага РАНС вярнулася з турыстычнага злёту каманд Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, які праходзіў на Лагойшчыне. Спаборніцтвы на сілу, спрыт і хуткасць працягваліся тры дні, у адной з эстафет валожынцы занялі ганаровае другое месца.

 

У першынстве раёна па пляжным валейболе, якое праходзіла нядаўна ў Івянцы на спартыўных пляцоўках каля возера і касцёла Святога Міхаіла, прынялі ўдзел 6 каманд. Абсалютнымі пераможцамі сталі івянчане. Другое месца заняла каманда з Ракава, валейбалісты з Міхалова сталі трэцімі. Кіраўніцтва аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму ўзнагародзіла прызёраў дыпломамі і грашовымі прэміямі.

 

Чарговымі месцамі захворвання жывёлы на шаленства сталі вёскі Покуці ў Івянецкім і Душкава ў Ракаўскім сельсаветах. У абласной ветлабараторыі ўстанавілі, што пакуцёўцы накладзеным на населены пункт каранцінам “абавязаны” шалёнаму пацуку, а жыхары Душкава – сабаку. Цяпер у вёсках вядуцца мерапрыемствы па ліквідацыі небяспечнай хваробы.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *