АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА ЖНІВЕНЬ 1967 ГОДА

Культура

ПЕРАДАВІКІ ЎБОРКІ ЮБІЛЕЙНАГА ЎРАДЖАЮ

Паказчыкі на 3 жніўня:

камбайнер калгаса “Радзіма”, убраў 92 гектары і намалаціў 120 тон збожжа.

Іван Аляксеевіч Кучынскі – камбайнер саўгаса “Радзіма”, убраў 60 гектараў і намалаціў 68 тон збожжа.

Баляслаў Іосіфавіч Суша – камбайнер калгаса імя К. Маркса, убраў 55 гектараў і намалаціў 68 тон збожжа.

Браніслаў Антонавіч Макрыцкі – камбайнер калгаса імя Куйбышава, убраў 53 гектары і намалаціў 71 тону збожжа.

Зянон Францавіч Яблонскі – камбайнер калгаса імя Куйбышава, убраў 50 гектараў і намалаціў 62 тоны збожжа.

Мікалай Іосіфавіч Троцкі – камбайнер калгаса “1 Мая”, убраў 50 гектараў і намалаціў 54 тоны збожжа.

Іосіф Геранімавіч Рыснік – камбайнер калгаса “Падбярэззе”, убраў 52 гектары і намалаціў 58 тон збожжа.

Аляксандр Іосіфавіч Куралевіч – машыніст ільноцерабілкі саўгаса “Багданаўскі”, выцерабіў лён на плошчы 102 гектары.

Уладзімір Міхайлавіч Сухадолец – машыніст лафетнай жняяркі калгаса “1 Мая”, скасіў 146 гектараў збожжа.

ІЛЬНАВОДЫ СТАРАЮЦЦА

Добрых вынікаў дабіліся льнаводы сёмай брыгады калгаса “Чырвоны сцяг”. На плошчы 27 гектараў яны вырасцілі выдатны лён. Вясной калгаснікі старанна падрыхтоўвалі глебу, у тэрмін пасеялі, праводзілі ручную і хімічную праполку, таму і атрымалі высокі ўраджай.

Цяпер у брыгадзе заканчваецца церабленне. Праца льнаводаў арганізавана так, што кожны член брыгады зацікаўлены ў хутчэйшай апрацоўцы гэтай культуры. Кожны дзень перавыконваюць нормы выпрацоўкі Марыя Лукашанец, Галіна Кулік, Яўгенія Пошкуць, Мальвіна Смольская.

ІВЯНЕЦКІЯ КУЛІБІНЫ

600 рублёў эканоміі за 8 месяцаў дало ўкараненне ў вытворчасць рацыяналізатарскай прапановы механіка цэха керамікі Дзмітрыя Віктаравіча Гараля з Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі. Ён прапанаваў механізаваць працэс прыгатавання паліў. З гэтай мэтай быў зманціраваны і ўведзены ў эксплуатацыю шаравы млын.

Аўтарам многіх рацыяналізатарскіх прапаноў з’яўляецца і мастак керамічнага цэха Васіль Пятровіч Каруноў. Ён плённа працуе над укараненнем у вытворчасць новых відаў паліў. Яго заслугай з’яўляецца тое, што ганчары цяпер паспяхова выкарыстоўваюць шамотную масу, крышталічную паліву.

На фабрыцы ў кожным цэху ёсць перадавікі. Іх ударную работу адзначаюць грашовымі прэміямі, каштоўнымі падарункамі, якія неаднаразова атрымлівалі М. Явід, Ю. Германовіч, В. Дзядзейка, А. Судакевіч, М. Дзеніс, Ч. Новік, І, Зяньковіч, Я. Савіцкая, С. Маслава, В. Южык.

“ПРЫЕМНАГА” АПЕТЫТУ!

З недахопамі працуюць прадпрыемствы грамадскага харчавання гораду. У чайной № 1 вельмі абмежаваны выбар страў, зеляніны днём з агнём не знойдзеш, меню тут у адзіным экзэмпляры, санітарны стан не адпавядае сучасным патрабаванням. Той, хто пажадае выказаць пісьмова свае адносіны да работы чайной,не зможа гэтага зрабіць з-за адсутнасці “Кнігі скаргаў і прапаноў”.

У сталовай “Белсельгастэхнікі” лічаць “за лепшае” адсутнасць спецый на сталах, дыетычных блюд у меню, належнага санітарнага стану ў зале. Затое якая чысціня ў кантрольным журнале! Ніводнага запісу! Вось вам і стыль кіраўніцтва з боку работнікаў спажывецкага таварыства.

КОРАТКА АБ РОЗНЫМ

У зале Пяршайскага Дома культуры адбыўся мітынг. Тут сабраліся механізатары, жывёлаводы, паляводы, мясцовая інтэлігенцыя, каб закляйміць ганьбай злачынствы ваенна-фашысцкай хунты ў Грэцыі, выказаць сваю брацкую салідарнасць з патрыётамі старажытнай Элады, якія змагаюцца супраць рэакцыйных сіл.

Выдатныя спартсмены раёна абараняюць не толькі спартыўны гонар свайго калектыву, але і падтрымліваюць калектывы вобласці і рэспублікі. Членамі зборных каманд рэспублікі з’яўляюцца Лена Сівец, Марыя Вярынская і Аляксандр Сабіла.

Метадам народнай будоўлі работнікі раённай бальніцы ўзводзяць цяпліцу, плошча якой перавысіць 150 квадратных метраў. Яна будзе выкарыстоўваць лішкі цяпла ад кацельнай. Цяпліца дазволіць вырошчваць агародніну для стала хворых круглы год.

Дваццацідвухметровы абеліск узведзены ў вёсцы Вішнева. Гэты помнік – даніна павагі тым, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаўся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аўтарам праекту і кіраўніком яго ажыццяўлення з’яўляецца самадзейны скульптар з райцэнтра Пётр Канстанцінавіч Скарынка.

Асфальтаванне вуліц пачалося ў раённым цэнтры. Першыя квадратныя метры асфальту пакладзены на цэнтральнай плошчы.

Экскурсію ў Вільнюс наладзіў для школьнікаў Валожынскі Дом піянераў. Рабяты пабывалі ў старажытным замку Гедымінаса на Замкавай гары, наведалі музей гісторыка-рэвалюцыйнай славы, весела правялі час у дзіцячым парку, пасябравалі з літоўскімі піянерамі.

Бездапаможнае ласянё знайшоў у лесе Фёдар Несцеравіч Барадака. Даставіў яго ў лясніцтва, дзе ласянё акружылі клопатам. Лясны госць хутка папраўляўся дзякуючы догляду Антаніны Паўлаўны Мельнічук, жонкі ляснічага. Той, хто заходзіць у кантору Барсукоўскага лясніцтва, не можа не звярнуць увагу на ляснога госця, для якога звычнымі сталі новыя ўмовы жыцця. У хуткім часе гадаванца перададуць у Бярэзінскі запаведнік.

ЗА 1 РУБЕЛЬ –НОВЕНЬКУЮ “ВОЛГУ”

У мінулым годзе была ўпершыню зацверджана аўтамоталатарэя ДТСААФ. Яе білеты адразу ж набылі вялікую папулярнасць. Вядома, каму не хочацца выйграць “Волгу”, “Масквіч”, матацыкл або матаролер.

У снежні, калі праводзіўся розыгрыш латарэі, уладальнікам самага шчаслівага білета ў раёне аказаўся жыхар вёскі Сівіца Уладзімір Мікалаевіч Галубцоў. За адзін рубель ён атрымаў новенькую “Волгу”. Галоўны ўрач Валмянскай участковай бальніцы Сямён Наумавіч Кацман выйграў аўтамашыну “Запарожац”. Удача  напаткала і бухгалтара раённага аддзялення Таварыства па ахове прыроды Марыю Піліпаўну Сак. Яна стала ўладальніцай матаролера.

Сёлета выпушчана другая аўтамоталатарэя ДТСААФ на суму 100 мільёнаў рублёў.

РАДАСЦЬ ВЕТЭРАНА

Слаўнае вялікае жыццё за плячыма Мікалая Дзмітрыевіча Мацвеева. У далёкія трыццатыя гады ён працаваў цесляром на будаўніцтве электрастанцыі ў Краматорску.

Пазней прыйшлося са зброяй у руках абараняць нашу Радзіму. Ваяваў ён на Заходнім фронце. Быў палітруком роты, намеснікам камандзіра батальёна. У адным з баёў быў цяжка паранены.

Аб усім перажытым прыпомнілася ветэрану вайны і мірных стваральных дзён на ўрачыстым сходзе Валожынскага масласырзавода, дзе ён працаваў да гэтага часу. Прысвяцілі сход провадам на пенсію Мікалая Дзмітрыевіча, добрасумленнага працаўніка, радавога ленінскай партыі.

Ад калектыву рабочых і служачых масласырзавода імянінніку ўручылі каштоўны падарунак – тэлевізар, ад імя раённага камітэта – Ганаровую грамату РК КПБ.

З БАГДАНАВА – У ЛЕНІНГРАД

Станцыя Багданаў мае вельмі вялікае значэнне для нашага раёна. Праз гэты вузел перапраўляюцца каменны вугаль з Данбаса, калійная соль з Салігорска, грузы з Кастрычніцкай, Прыбалтыйскай чыгунак.

Згружаюцца на станцыі розныя сельскагаспадарчыя машыны: малатарні, трактары, камбайны. З Багданава можна даехаць на цягніку ў розныя гарады Радзімы: Гродна, Ліду, Маладзечна, Маскву, Ленінград.

Да ліку лепшых працаўнікоў станцыі адносіцца білетны касір Уладзімір Ігнацьевіч Данілевіч.

К. С. Краскоўскі лічыцца лепшым чыгуначнікам станцыі. Ён працуе 18 год, але за гэты час у яго рабоце ні разу не сустракалася браку: усе цягнікі прапускаюцца па графіку, вагоны адгружаюцца і адпраўляюцца своечасова.

НЕ ПАЗНАЦЬ ПЯРШАІ

У вёсцы Пяршаі да 1939 года медыцынскім абслугоўваннем займаўся адзін фельчар. У асабістым карыстанні жыхароў мелася 2 радыёпрыёмнікі прасцейшай канструкцыі, 9 веласіпедаў.

Цяпер палепшыўся матэрыяльны дабрабыт працоўных. Працуе ўчастковая бальніца, у кожным доме ёсць электрычнасць, радыё, у індывідуальным карыстанні налічваецца 70 тэлевізараў, па якіх можна паглядзець навіны з Мінску і Масквы. Дададзім сюды і 3 асабістыя аўтамашыны, 28 матацыклаў, набытыя працоўнымі на свае ўласныя зберажэнні. За гады савецкай удалы дабрабыт людзей значна вырас.

ПАРУШАЛЬНІКАЎ – ДА АДКАЗУ

Малады рабочы саўгаса “Залескі” А. Шніп, будучы п’яным, у час саўгаснага свята працы і песні на танцпляцоўцы завёў спрэчку з незнаёмым чалавекам. Іосіф Мантыцкі, жыхар вёскі Вялікія Крывічы, хацеў супакоіць А. Шніпа, але той паваліў Іосіфа на зямлю і пачаў біць. Людзі разнялі іх…

Пасля таго, як усе разышліся, А. Шніпу захацелася яшчэ “пачасаць рукі”. Ён дагнаў дырэктара саўгаса Арсенія Станкевіча і штурхнуў яго ў плячо. У гэты момант якраз падаспелі дружыннікі. Антон Аўсюк, Анатолій Шабайковіч, Уладзімір Бялевіч  пачалі стрымліваць А. Шніпа, адабраўшы з яго рук нож. Дэбашыр быў дастаўлены ў раённы аддзел міліцыі.

…Народны суд раёна прыгаварыў А. Шніпа да пазбаўлення волі тэрмінам на паўтара года.

РЭДКАЯ “ПАСАЖЫРКА”

Аб гэтым пісала газета “Працоўная слава”.

Падвода павольна рухалася да фермы саўгаса “Насімкавічы” Баранавіцкага раёна. Нечакана на дарогу выбеглі дзве дзікія свінні. Работніца, якая сядзела на падводзе, разгубілася, саскочыла і пабегла, а месца заняла… лясная хаўроння. Такім шляхам, хіба толькі без званочкаў, і прыехала рэдкая “пасажырка” на двор фермы.

Магчыма, яна хацела наведаць сваіх “родзічаў”.

 

Старонкі газеты гартала

Алёна ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий