ГРЫБ ПРАРОС, А Ў ІМ ЦЭЗІЮ ВОЗ?

Общество

Сярод іншых дароў лесу найбольшай здольнасцю назапашваць радыенукліды валодаюць грыбы. У асобных відах утрыманне цэзію-137 нават на адносна чыстай тэрыторыі можа перавышаць дапушчальныя ўзроўні.

Па ступені назапашвання цэзію-137 асноўныя віды грыбоў падзяляюцца на чатыры групы.

Да першай адносяцца так званыя грыбы-акумулятары – польскія грыбы, гаркухі, краснушкі, махавікі жоўта-бурыя, рыжыкі, маслякі восеньскія, казлякі, каўпакі кольцавыя. У іх ужо пры блізкім да фонавага значэння забруджванні глебы (0.1-0.2 Кі/км2) утрыманне радыенуклідаў можа перасянуць максімальна дапушчальную мяжу. Таму, адпаведна, і збіраць іх рэкамендуецца ў лясах са шчыльнасцю забруджвання да 1 Кі/км2 – на тэрыторыі Румскага, Ракаўскага і Валожынскага лясніцтваў.

Да другой групы адносяцца моцна назапашвальныя грыбы – падгруздак чорны, лісічка жоўтая, ваўнянка ружовая, грузды чорныя, зялёнка, падбярозавік. Іх таксама пажадана збіраць на вышэйзгаданай тэрыторыі.

Сярэдняй назапашвальнасцю радыенуклідаў валодаюць апенькі, белыя грыбы, падасінавікі, падзялёнкі, сыраежкі. Нарыхтоўваць грыбы гэтай групы можна ў лясах са шчыльнасцю забруджвання да 2 Кі/км2. У нашым раёне гэта тэрыторыі Пяршайскага лясніцтва (ля вёсак Пяршаі, Скрундзеўшчына, Баравікоўшчына, Галубы і пасёлка Першамайскі), Івянецкага (Вуглы, Сівіца, Рудня), Вішнеўскага (Коцеўшчына, Залясоўшчына), Каменскага (гарадскі пасёлак Івянец, вёска Дайнава) лясніцтваў.

У апошнюю групу ўваходзяць грыбы-дыскрымінатары, якія найменш назапашваюць радыяцыю. Гэта страчок звычайны, радоўкі, шампіньёны, дажджавікі, сыраежкі цэльныя, парасонікі, апенькі зімовыя, дрэўнавушкі.

Не трэба забываць, што для ўсіх грыбоў праверка на ўтрыманне радыенуклідаў абавязковая.

Грыбнікам таксама можна параіць збіраць грыбы пераважна трэцяй і чацвёртай груп. Пры гатаванні іх неабходна старанна прамыць, ачысціць ад кавалачкаў глебы і расліннасці. Адварваць абавязкова ў салёнай вадзе, прычым першы адвар лепш выліць. Пры кіпячэнні ў падсоленую ваду дадайце крыху сталовага воцату ці лімоннай кіслаты – яны “выцягнуць” з грыбоў больш небяспечных рэчываў.

Больш падрабязную інфармацыю па зборы і нарыхтоўцы грыбоў можна атрымаць у Валожынскім лясгасе па адрасе: г. Валожын, вул. Садовая, 3, тэлефон: 55-0-93.

Людміла ЧЭРНІК,

інжынер-радыёлаг.

 



Добавить комментарий